БНТП шукае кантактаў з Беларуссю і Украінай
Беластоцкі навукова-тэхналагічны парк хоча ўсталяваць кантакты з Менскім гарадскім тэхнапаркам. Беластачане імкнуліся падпісаць афіцыйную дамову з Менскам, але зрабіць гэта не дазваляе беларускае заканадаўства, тлумачыць дырэктар БНТП Ганна Дашута-Залеўская:
– Спадзяюся, што нават без гэтага пагаднення змогуць удзельнічаць у мерапрыемствах, якія арганізоўвае наша ўстанова, змогуць прыязджаць на канферэнцыі, семінары, майстар-класы, якія арганізоўвае навукова-тэхналагічны парк.
Беластоцкі парк дапамагае маладым, інавацыйным фірмам. Установа прапануе арэнду памяшканняў і лабораторый ды дапамагае ў пошуках інвестараў. Паводле Ганны Дашуты-Залеўскай, парк таксама накіраваны на прадпрымальнікаў з Беларусі і Украіны:
– Мы запрашаем у наш парк усіх жадаючых, незалежна ад таго, дзе яны на дадзены момант знаходзяцца. Таксама запрашаем беларусаў, украінцаў і ўсіх тых, хто хацеў бы весці свой бізнес у Беластоку.
Да гэтага часу беластоцкі навукова-тэхналагічны парк прыцягнуў да супрацы 25 маладых прадпрыемстваў. Гэта фірмы з галіны робатэхнікі, электронікі, тэлекамунікацыі ды камп’ютарнай графікі.
Беларускае Радыё Рацыя