Боегалоўка расейскай ракеты, якая заляцела ў Польшчу з РБ, апынулася бетоннай



Боегалоўка расейскай ракеты, якая заляцела ў Польшчу з Беларусі, апынулася бетоннай. Кіраўнік канцылярыі прэзідэнта Польшчы Павел Шрот назваў яе „вяршыняй расейскай тэхнічнай думкі”.

Фота: news.liga.net

Інцыдэнт здарыўся ў сярэдзіне снежня 2022-га. Мяркуецца, што расейскі самалёт СУ-34, дыслакаваны на тэрыторыі Беларусі, ляцеў бамбіць Украіну і выпусціў ракету ў бок Польшчы. Польскія радары зафіксавалі аб’ект, які ўляцеў на тэрыторыю Польшчы з Беларусі. Пад Быдгашчу ён знік — гэта адбылося за пару кіламетраў ад месца знаходкі. Пошукі адразу пасля інцыдэнту выніку не далі. Месца падзення крылатай ракеты Х-55 знайшлі сёлета ў красавіку.

Аскепкі ракеты працягваюць вывучаць. Мяркуецца, што яна мусіла ўвесці ў зман украінскую супрацьпаветраную абарону. Выбухоўкі ў ёй не было. А паколькі ракета не можа ляцець без боегалоўкі, яе зрабілі з бетону.

Беларускае Радыё Рацыя