Больш 30 мігрантаў некалькі дзён знаходзяцца ў памежнай зоне на беларуска-польскай мяжы
Каля 32-х мігрантаў качуе каля Уснара, што ў Падляшскім ваяводстве. Ужо некалькі дзён нелегальныя мігранты знаходзяцца ў памежнай зоне паміж Польшчай і Беларуссю.
Беларускі бок не хоча прыняць іх назад, хаця на яе тэрыторыі былі легальна. Польскі бок не пускае мігрантаў да сябе, а таксама ўзмацніў патрулі памежнікаў і жаўнераў пры польска-беларускай мяжы. Жыхары Уснара гавораць, што сведкамі падобных падзеяў яшчэ не былі.
– Раней не было такога. Раней дамаўляліся, калі хто тут перайшоў, хто патаптаў. А цяпер тут цэлыя войскі. Маладыя людзі стаяць са стрэльбамі. А невядома што можа быць, што можа здарыцца. Недалёка пекла – 80 метраў. У нашага суседа. Праблема там з мігрантамі. Лукашэнка не разумны чалавек.
– Гэта горш вайны. Я столькі гадоў пражыла і такога не бачыла. Я адна жыву, мая хата тут, я сама баюся. Уночы вокны засланяю.
– Гэтыя мігранты не пойдуць па хатах па дамах, ім трэба на Захад перайсці.
Кардон жаўнераў і памежнікаў мае недапусціць, каб мігранты нелегальна перасякалі мяжу Польшчы і Еўрапейскага звяза.
Павелічэнне колькасці замежнікаў на мяжы з’яўляецца наступствам наўмысных дзеянняў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя