У Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы ў ліцэях праходзіць выпускны экзамен па беларускай мове (абноўлена)
У агульнаадукацыйных ліцэях Бельску-Падляшскага і Гайнаўкі праходзяць выпускныя экзамены па беларускай мове. Гэта абавязковы экзамен для вучняў такіх агульнаадукацыйных ліцэяў, дзе выкладаецца беларуская мова, якіх у Польшчы ўсяго – два. Гаворыць дырэктар ліцэя ў Бельску – Андрэй Сцепанюк.

– Для нас як нацыянальнай меншасці таксама па беларускай мове – гэта другі экзамен, гэтай мовай мы павінны добра карыстацца і пра яе памятаць. Так што спадзяюся, што гэта будзе далей трываць. Можа, не развівацца вельмі паспяхова, але беларуская мова ўсё ж такі захаваецца ў нашых школах.

Дырэктар ліцэя ў Гайнаўцы, Ігар Лукашук, зазначае пра адметнасць і перспектыву выпускнікоў, якія вывучалі беларускую школу ў сваіх ліцэях:
– Калі нашыя вучні ідуць далей вучыцца ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, яны заўсёды, калі прыязджаюць потым да нас, распавядаюць, што на гэта кожны звяртае ўвагу, гэта такі козыр, чаго няма ў іншых. Гэта тое, што робіць нашых выпускнікоў непаўторнымі. І гэта цешыць, таму што цяпер не той атрымлівае поспех у жыцці, які як усе іншыя, а той, які чымсьці вылучаецца.
Агулам у Бельскім і Гайнаўскім ліцэях выпускны экзамен па беларускай мове здаюць 115 выпускнікоў. Яшчэ 15 лаўрэатаў алімпіяд па беларускай мове былі вызваленыя ад пісьмовага іспыту і атрымалі вышэйшыя балы.
***
Сёння, 17 траўня, больш за сто дваццаць абітурыентаў ліцэяў з дадатковым навучаннем беларускай мове з Бельска-Падляшскага і Гайнаўкі здаюць экзамен на атэстат сталасці па беларускай мове. Гэта вучні двух ліцэяў, дзе вывучаецца беларуская мова, літаратура і гісторыя.

У сваю чаргу, 20 вучняў будуць пісаць экзамен па літоўскай мове на атэстат сталасці ў сярэдняй школе ў Пуньску.
Экзамен па мове нацыянальнай меншасці падобны на пісьмовы экзамен па польскай мове.
Беларускае Радыё Рацыя
