Больш за траціну расейцаў выступае за спыненне вайны ва Украіне
Больш за траціну расейцаў выступаюць за тэрміновае спыненне вайны на ўсходзе Украіны, такія дадзеныя падае расейскі “Левада-Цэнтр”. Рост антываенных настрояў звязаны з колькасцю ахвяраў расейскіх вайскоўцаў, якія загінулі на Данбасе, кажа старшыня арганізацыйнага камітэту па стварэнні Руху ветэранаў баявых дзеянняў “Абаронцы айчыны” Аляксандр Камароўскі:
– Колькасць трунаў вызначае свядомасць нацыі. З захопам Крыму адбыўся ўсплёск прапуцінскай актыўнасці. Сапраўды, аўтарытэт Пуціна падскочыў ўгору. Але зараз, калі па дадзеных расейскіх журналістаў, ёсць каля 2 тысяч загінулых расейцаў, як бы не ўтойвалі гэтыя пахаванні, расейцы пачалі задумвацца, і аўтарытэт Пуціна пачаў падаць.
Нягледзячы на абвешчанае перамір’е, на Данбасе працягваюцца лакальныя сутыкненні паміж украінскімі войскамі і прарасейскімі баеквікамі. Складаная сітуацыя захоўваецца ў раёне Данецкага аэрапорта, Марыупаля і Дэбальцава.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sprotyv.info
