Браніслаў Камароўскі сустрэўся з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў (абноўлена)
Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі сустрэўся з прадстаўнікамі нацыянальных і этнічных меншасцяў Польшчы. Гэта штогадовая ветлівая сустрэча, у час якой Прэзідэнт пераказвае пажаданні ўсім меншасцям, а спатканне заканчваецца супольным здымкам Прэзідэнта з прысутнымі. Ці варта арганізоўваць такія сустрэчы і ці яны рэальна ўплываюць на сітуацыю меншасцяў у Польшчы? – запыталі мы яе гасцей, між іншым дэпутата ў польскі парламент Аляксандра Сасну:
– Прэзідэнт, як гаспадар нашай краіны, сустракаецца з кожным, хто тут жыве, а тут жывуць і палякі, і беларусы, і французы, і праваслаўныя, і католікі. Пятага лютага была сустрэча з прадстаўнікамі меншасцяў – людзей розных вераванняў. Сёння адбывалася сустрэча па нацыянальнасцях. І гэта ўжо не першая такая сустрэча. Яна паказвае, што Прэзідэнт цікавіцца гэтымі праблемамі. Канешне, ён не мае сталькі часу, каб да кожнага прыехаць, але калі да яго прыязджаюць, то, можна сказаць, што гэта зручней для Прэзідэнта.
Браніслаў Камароўскі: Польшча вольная, Польшча дэмакратычная – з’яўляецца Айчынай таксама розных грамадзянаў, якія маюць свае традыцыі – у нацыянальных паходжаннях, сваіх рэлігіях і мовах. Хачу шчыра пажадаць для іх поспеху ў новым годзе. Хачу пажадаць, каб мы захоўвалі і пашыралі тое, што сёння маем, што з’яўляецца адным з істотных элементаў у вольнай Польшчы. І гэта павінна быць не толькі будаваннем адкрытасці і зацікаўлення, але таксама ўсведамлення, што гэтая шматкультурнасць з’яўляецца значнай каштоўнасцю, значнай і для жыцця Айчыны, і для фунцыянавання цэлай Еўропы.
Аліна Ваўранюк: Гаварылі пра тое, што ўсё арганізуе Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі. Яно займаецца нацыянальнымі меншасцямі… А з другога боку прыемна, што чалавек, які з’яўляецца кіраўніком краіны, знаходзіць час на тое, каб сустрэцца з прадстаўнікамі нацыянальных меншасцяў. Чарговы раз пераканалася ў тым, што пра свае справы трэба гаварыць самому і трэба проста ваяваць за свае справы. Трэба ведаць дакладна законы, тыя законы, якія датычаць нас, як нацыянальнай меншасці. Я гавару як настаўніца, я гавару таксама пра законы, звязаныя з асветай, адукацыяй. Веданне гэтых законаў за апошнія гады мне, напрыклад, асабіста шмат дало, але думаю, таксама шмат дало нашаму аб’яднанню АББА.
Ганна Кандрацюк-Свярубская: Абмянялася словам з Прэзідэнтам. Гаварылася пра жыхароў гміны Чыжы. І тут прывітанне ёсць для нашых жыхароў гміны Чыжы ад Прэзідэнта. Але думаю, што сама сустрэча з’яўляецца крыху іншай, чым была папярэдняя. Паколькі я ўжо была другі раз, першы раз як журналіст, то гэтым разам быў зроблены акцэнт на падтрыманне нацыянальных моў да гмінных адміністрацый, у тым ліку на указальнікі, і гэты прыклад – адкрытая прапанова, каб людзі карысталіся, далучаліся да такой магчымасці. Я б хацела, каб такія словы гучалі ў Беластоку ад нашых чыноўнікаў, каб яны адзначалі, што мы, меншасць, не ёсць нейкая праблема, што наадварот – уплываем у крэатыўны і пазітыўны спосаб на развіццё Айчыны і на развіццё еўрапейскіх вартасцяў.
У час сустрэчы з Прэзідэнтам Браніславам Камароўскім прысутнічалі апрача беларускай, прадстаўнікі меншасцяў украінскай, татарскай, славацкай, чэшскай, нямецкай і расейскай.
Цалкам матэрыял у гукавым фармаце
* * *
Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі сустрэўся з прадстаўнікамі нацыянальных і этнічных меншасцяў, якія пражываюць у Польшчы.
Гэта штогадовая сустрэча, падчас якой закранаюцца актуальныя тэмы важныя для меншасцяў.
Прэзідэнт Камароўскі перадаў пажаданні на новы год усім прысутным прадстаўнікам меншасцяў, падкрэсліваючы, што ў Польшчы ёсць месца для развіцця грамадзянаў розных нацыянальнасцяў.
– Польшча вольная, Польшча – дэмакратычная айчына грамадзянаў рознага паходжання, розных моваў і розных культураў. Хачу сардэчна пажадаць у новым годзе паспяховага развіцця і ўмацавання нацыянальных асяродкаў.
Ад беларускай меншасці на сустрэчы з прэзідэнтам прысутнічалі: гісторык, сябра супольнай камісіі ўрада Польшчы і нацыянальных ды этнічных меншасцяў Славамір Іванюк, Аліна Ваўранюк з Аб’яднання бацькоў дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову – АББА, журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Ганна Кандрацюк-Свярубская.
[Not a valid template]
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.