Брацтва праваслаўнай моладзі запрашае ў паломніцтва на Грабарку
Брацтва праваслаўнай моладзі Польшчы запрашае на юбілейнае пасхальнае паломніцтва на Святую гару Грабарку.
Сёлета моладзь з цэлай Польшчы сустрэнецца на так званым „маёвым” паломніцтве ў 40-ы раз. На працягу трох дзён маладыя людзі будуць супольна маліцца і працаваць на карысць мясцовага жаночага манастыра. Але гэта не адзіныя рэчы, якімі будуць займацца маладыя паломнікі, кажа старшыня Брацтва Міхал Кузмюк:
– З’явілася некалькі пунктаў у праграме, якіх яшчэ не было – гэта вулічныя гульня і кіно. Таксама будзе пасаджаны вішнёвы сад, каб захаваць памяць пра 40-ы юбілей. Як наказвае традыцыя і наша праваслаўная царква, будзем удзельнічаць ва ўсіх набажэнствах.
У сёлетняй малітоўнай сустрэчы паўдзельнічаюць маладыя людзі з Бельска Падляшскага, Беластока, Гайнаўкі, Варшавы ды іншых гарадоў. Мерапрыемства пачнецца ў пятніцу 24-га траўня і працягнецца да нядзелі. Больш інфармацыі пра паломніцтва на Святую гару Грабарку на сайце Брацтва праваслаўнай моладзі ў Польшчы: bmp.cerkiew.pl.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя