Бургамістр Бельска: Спадзяемся, што вуліца Тарашкевіча ў нас застанецца
Спадзяемся, што ваявода прыслухаецца да нашых аргументаў і не будзе перайменавання вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім, – сказаў нашаму радыё бургамістр горада Яраслаў Бароўскі. Адпаведны ліст з матывіроўкай, чаму вуліца Тарашкевіча павінна застацца, накіраваны Падляшскаму ваяводу.
– Рэкамендую пакінуць Браніслава Тарашкевіча патронам вуліцы ў Бельску і прадставіў яго біяграфію. Яе падрыхтаваў Алег Латышонак. Гэта інфармацыя была адказам на ліст ваяводы. Ён нам даў час да 24 лістапада. Я гэтае пісьмо ўчора выслаў. Калі скажа, што бургамістр мае рацыю, а не IPN мае рацыю, то застанецца так як ёсць, і нічога з тым не будзем рабіць. Пакуль чакаем на рашэнне ваяводы.
Падляшскі ваявода ў канцы кастрычніка накіраваў бургамістру Бельска Падляшскага абноўлены спіс вуліц, прызначаных да дэкамунізацыі. Да 2 снежня Падляшскі ваявода павінен прыняць рашэнне, што да будучыні вуліцы Тарашкевіча, якога адмысловая камісія IPN у Кракаве палічыла камуністычным актывістам і сталінскім прыхільнікам. Беларускае гістарычнае таварыства заяўляе, што Браніслаў Тарашкевіч перш за ўсё ахвяра сталінскага рэжыму і сымвал змагання за нацыянальныя інтарэсы.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя