Бургамістр Гайнаўкі адмовіў у правядзенні Маршу выклятых жаўнераў
Бургамістр Гайнаўкі Ежы Сірак адмовіў арганізатарам гайнаўскага Маршу выклятых жаўнераў у правядзенні мерапрыемства, запланаванага на 23 лютага гэтага года. Гэтае рашэнне арганізатары могуць абскардзіць у судовым парадку. Бургамістр матываваў сваё рашэнне тым, што шлях маршу заяўлены арганізатарамі праходзіць праз “хвалюючыя месцы з пункту гледжання праваслаўнай грамадскасці Гайнаўкі”, а таксама звяртае ўвагу, што падчас папярэдніх маршаў выкарыстоўвалася сімволіка, якая адназначна асацыюецца з расізмам. Апрача гэтага ўдзельнікі маршу славяць імя Рамуальда Райса, псеўданім “Буры”, адказнага за злачынствы ў дачыненні да праваслаўных жыхароў беларускай нацыянальнасці, якія здзейснены ў канцы студзеня – пачатку лютага 1946 года ў Залешанах, Пухалах Старых, Занях і Канцавізне.
– Замовілі малітвы ў царкве Яна Хрысціцеля на 23 лютага а 14-й гадзіне. Малітвы за душы і вечны спачын ахвяр студзеня-лютага 1946 года.
Марш выклятых жаўнераў у Гайнаўцы з самага пачатку выклікае эмоцыі. Два гады таму бургамістр, кіруючыся такімі ж матывамі, таксама забараніў марш. Суд адхіліў забарону і марш адбыўся. Арганізатарам сёлетняга гайнаўскага маршу з’яўляецца Барбара Полешук, якая у фэйсбуку паведамляе, што рашэнне бургамістра будзе апратэстоўвацца ў судзе.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя