Бурмістр Супрасля: Кажам пра могілкі ахвяр гітлераўцаў 1944-га, а думаем пра вайну ва Украіне зараз
Да канца 2023 года запланавана рэнавацыя могілак ахвяр тэрору масавых нямецкіх расстрэлаў у 1941-1944 гадах у мясцовасці Грабаўка, што пад Беластокам. Падчас брыфінгу акурат ля могілак Падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі і бурмістр Супрасля Радаслаў Дабравольскі падпісалі пагадненне аб падтрымцы ўтрымання ваенных магіл і могілак, размешчаных у гміне Супрасль, на суму больш за 2 мільёны злотых.

Бурмістр Супрасля Радаслаў Дабравольскі адзначыў:
– Гэта важная мінута ў гісторыі нашага самакіравання. Ужо некалькі гадоў мы спрабуем абнавіць гэтае месца. Раней яно выглядала інакш. У 1973 годзе яно было абустроена ў такі спосаб, які мы тут сёння бачым. Тут было замардавана 16 тысяч чалавек. Гэты момант падпісвання дакументу тым больш сімвалічны, бо на Украіне сёння адбываецца масавае забойства людзей.

Перад падпісаннем пагаднення Падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі адзначыў важнасць праграмы рэнавацыі ваенных могілак на Падляшшы:
Лічу, што гэтае месца павінна мець адпаведны характар, каб уплывала на нашу гістарычную свядомасць, каб з’яўлялася важным элементам інтэграцыі народаў. Нас чакаюць цяжкія часы. І для нас гэты мінулы гістарычны факт з’яўляецца ў пэўным сэнсе ўрокам. Гаворым гэта ў кантэксце назірання за падзеямі агрэсіі Расеі ва Украіне.
Паводле праекта рэнавацыі могілак ахвяр тэрору масавых нямецкіх расстрэлаў у 1941-1944 гадах у Грабаўцы, тэрыторыя будзе добраўладкаваная. Ля могілак з’явіцца алея памяці, а на самых могілках будуць ўсталяваны пазнакі для ўсіх нацыянальнасцяў Падляшша, у тым ліку і беларусаў, якія былі тут расстраляныя.


















Беларускае Радыё Рацыя
