“Бурштынавая война” на ўкраінскім Палессі



На ўкраінскім Палессі распачаліся сапраўдныя “бурштынавыя войны”. Радовішчы кантралююць добра ўзброеныя банды. Ва ўкраінскім крымінале задзейнічаныя і нашыя суайчыннікі.

Сітуацыя ў районах здабычы бурштыну нагадвае Чыкага 30-х гадоў. У Жытомірскай і Ровенскай абласцях ці не штодня гучыць страляніна: гэта мясцовыя гангстэрскія групоўкі ваююць за сферы ўплыву. Колькасць забітых і параненых толькі за апошнія месяцы складае некалькі дзясяткаў.

Старшыня Олеўскага раёна Жытомірскай вобласці Юрый Халіманчук паведамляе, што раёны здабычы бурштыну кантралююцца шматлікімі крымінальнымі групоўкамі са стралковай зброяй.

“Там цэлыя лагеры з вайсковай тэхнікай. Туды войска трэба ўводзіць!” – упэўнены прадстаўнік мясцовай улады. Крымінальны механізм у “бурштынавай справе” адпрацаваны даўно. Каля нелегальных шахт ставяцца пункты скупкі, дзе за адзін кілаграм бурштыну даюць ад 400 да 5500 даляраў. Далей бурштын кантрабандай перапраўляецца за мяжу, пераважна ў Польшчу, прытым у гэтым бізнэсе задзейнічаныя і нашыя суайчыннікі. Сёння на пункце пропуску Ягодзін затрыманы грамадзянін Беларусі, які за абшыўкай дзвёрцы свайго “Мерсэдэса” спрабаваў вывезці 8, 5 кілаграмаў бурштыну коштам ў 3500 даляраў.

Украіна займае другое месца ў свеце па здабычы бурштыну. Большасць радовішчаў знаходзіцца на Палессе. Ці не палова іх яшчэ з часоў Януковіча кантралюецца крымінальнымі групоўкамі.

Для Беларускага Радыё Рацыя – Марцін Война, Украіна.

Фота vesti-ukr.com