„Бязмежжа – 2019” (абноўлена)



У аграсядзібе Бора-Здруй прайшоў штогадовы літаратурны семінар «Бязмежжа». У праграме дакументальны фільм Міколы Ваўранюка «Канцэрт жыцця», прэзентацыя новых выданняў Саюза беларускіх пісьменнікаў з Ціханам Чарнякевічам, а таксама перакладаў на беларускую мову польскай набелісткі Вольгі Такарчук. Беларускую літаратуру з Падляшша прадстаўляюць Міхал Андрасюк, Ганна Кандрацюк, Міраслава Лукша, Віктар Стахвюк ды іншыя.

Мы спыталіся ў арганізатара падзеі, старшыні праўлення Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапы, ці варта аднавіць Беластоцкую філію згаданага Саюзу, якая існавала 80 гадоў таму.

– Зараз ёсць магчымасць толькі ганаровага сяброўства ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Частка з нас ёсць ганаровымі сябрамі. Гэта добрая ідэя. З Ціханам Чарнякевічам гэтую справу абмяркуем.

Спевамі семінар гэтым вечарам аздобяць Алесь Камоцкі і Андрэй Хадановіч. «Бязмежжа» ладзіцца ўжо 22-гі раз.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя

* * * 

Беларускія пісьменнікі з Беларусі і Польшчы сустрэліся на Падляшшы на 22-гім літаратурным семінары “Бязмежжа”.

Мерапрыемста з’яўляецца нагодай, каб падвесці вынікі беларускай літаратуры за мінулы год, кажа прэс-сакратар Саюза беларускіх пісьменнікаў Ціхан Чарнякевіч:

– Мы з удзячнасцю заўсёды прымаем запрашэнне нашых сяброў з Радыё Рацыя, з Саюза беларусаў у Польшчы, з “Нівы” Яўгена Вапы прыехаць. Тут практычна падводзім штогод нашыя літаратурныя вынікі. Што ў нас было зроблена, якія самыя яркія падзеі адбыліся, якія выйшлі найбольш файныя кніжкі.

 Адной з тэмаў, якую закранулі літаратары падчас паседжанняў „Бязмежжа”, з’яўляецца творчасць Надзеі Артымовіч і Міхася Андрасюка. На думку прафесара Юры Плютовіча, Андрасюк – пераемнік Сакрата Яновіча.

Першы дзень «Бязмежжа» завершыўся бардаўскім выступленнем Уладзіміра Хільмановіча.

Другі дзень „Бязмежжа” быў адметным шматлікімі аўтарскімі прэзентацыямі ў розных жанрах. З сваімі паэтычнымі і празаічнымі творамі, музычнымі інтэрпрэтацыямі, перакладамі, рэфлексіямі выступілі Ціхан Чарнякевіч, Ілля Сін, Ганна Кандрацюк, Яўген Вапа, Міра Лукша, Кася Сянкевіч, Віктар Стахвюк, Юры Плютовіч, Наталля Русецкая, Марына Шода, Андрэй Сцепанюк, Алесь Камоцкі, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч. Хедлайнерам вечару стаў Андрэй Хадановіч, які завяршаў літаратурныя чытанні вершамі і песнямі. Надзеі Артымовіч, як лаўрэатцы конкурсу імя Наталлі Арсеньневай былі падораныя кветкі.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

фота Улі Шубзды і Ладзіка Майніча