Былая палітзняволеная Святлана Бараноўская распавяла пра жыццё ў Нямеччыне
Як атрымаць статус бежанца ў Нямеччыне? Што дае гуманітарная віза ў гэту краіну і як яе атрымаць? Што на практыцы азначае 22-гі параграф?
Адказы на такія пытанні дала былая палітзняволеная Святлана Бараноўская:
-Мы сюды прыехалі ўжо па гуманітарнай візе, па так званым параграфе 22.2. Як мне растлумачылі, гэта параграф, які азначае палітычныя рэпрэсіі ў роднай краіне. Я ведаю, што людзі атрымліваюць яго, але якім чынам атрымаць бежанства канкрэтна тут, у Германіі, я не ведаю. Мы прыехалі сюды па візе, таму ў нас крыху іншая працэдура.
У нас была дамоўленасць, што мы паведамім у пасольства, што мы выязджаем, за два тыдні. Нам мусілі за гэты час падрыхтаваць жытло і ўмовы пражывання. Нашы дакументы былі ўжо ў гэтым інтэрнаце, куды мы прыехалі. Тут рассяляюць, ёсць сацработнікі, якія дапамагаюць далей ісці па гэтай бюракратычнай дарожцы. Гэта вельмі складана, напружана, улічваючы, што ты не ведаеш мовы. Дакументаў катастрафічна шамт, але ўсё гэта ідзе паступова, бо на гэтыя пытанні ты атрымліваеш адказы, калі звяртаешся. Яшчэ ў нас тут ёсць знаёмыя з нашай дыяспары беларускай, яна называецца “Разам”. Мы звярталіся да беларусаў, якія тут даўно жывуць, якія дапамагалі з перакладам дакументаў, дапамагалі адпраўляць на патрэбны e-mail дакументы. Іх вельмі шмат – гэта і прапіскі, страхоўка, навучанне дзяцей у школе, запіс на навучанне мове. Усё ідзе паступова, адно за адным. І нельга гэтыя пункты мяняць, бо адзін выцякае з другога, другі – з трэцяга і так далей… Але з гэтым дапамагаюць сацработнікі, якія замацаваныя за такімі ўстановамі, у якіх нас рассяляюць.
У Беларусі былую палітзняволеную Святлану Бараноўскую абвінавацілі па такіх палітычна матываваных артыкулах Крымінальнага кодэкса як Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх і Абраза прадстаўніка ўлады. Прысуд быў – тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу („хатняя хімія”).
Беларускае Радыё Рацыя