ByPol далей працуе над стварэннем харугваў
Арганізацыя былых сілавікоў ByPol працуе над стварэннем харугваў. Толькі за тры дні ў Варшаве, паводле ByPol, туды запісаліся 800 чалавек, – паведамляе канал “Позірк”.
Харугвы аб’ядноўваюць беларусаў, якія хочуць вярнуцца на радзіму “ў той момант, калі яны будуць там патрэбныя” для ўдзелу ў “спецыяльных аперацыях, якія намі запланаваныя”, — заявіў кіраўнік ByPol, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Аляксандр Азараў 4 кастрычніка ў Варшаве падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з дыяспарай.
“Харугвы — гэта аб’яднанні беларусаў, якія могуць збірацца разам і адчуваць плячо адзін аднаго. Гэта збіранне аднадумцаў, — патлумачыў Азараў. — Ужо каля месяца мы гэтай справай займаемся, выязджалі ў Гданьск, у Беласток, дзе стваралі іх”, – дадаў ён.
Паводле Азарава, удзельнікі падобных аб’яднанняў займаюцца спортам, стралковай падрыхтоўкай, адзінаборствамі і “іншымі спецыяльнымі прадметамі” пад кіраўніцтвам інструктараў.