Быць ці не быць вуліцы „Лупашкі” ў Беластоку вырашыць суд
Гарадскія райцы ад Грамадзянскай кааліцыі падрыхтавалі ўжо праект заявы. Для таго каб накіраваць заяву ў суд, неабходна большасць галасоў радных Беластока. Галасаванне запланавана на сесіі рады горада, якая адбудзецца 9 снежня.
Вуліцы на беластоцкіх Скарупах было прысвоена імя маёра Зыгмунта Шэндзеляжа („Лупашкі”) вясной мінулага года па ініцыятыве радных „Права і справядлівасці”, якія тады мелі большасць галасоў у радзе Беластока. Цяпер большасць галасоў належыць Грамадзянскай кааліцыі, у склад якой уваходзяць райцы ад „Форума меншасці Падляшша”. Яны выйшлі з ініцыятывай перайменавання вуліцы. 28 верасня рада горада (з перавагай аднаго голасу) перагаласавала на карысць змены вуліцы „Лупашкі” ў „Падляшскую”. Фармальныя і мерытарычныя памылкі ў пастанове радных убачыў падляшскі ваявода Богдан Пашкоўскі і ануляваў рашэнне рады горада. Прыхільнікі змены вуліцы могуць звярнуцца ў адміністрацыйны суд, для гэтага неабходна адабрэнне прынамсі 15 з 28 радных Беластока.
Беларускае Радыё Рацыя