Чачэнцы асуджаныя за падтрымку тэрарыстаў



У Беластоку абвешчаны прысуд у справе фінансавання тэрарыстаў у Чачні. Двум асобам прысудзілі 2 гады зняволення, трэцяму – 1 месяц і чацвёртага апраўдалі.

Суддзя Славамір Цілюлька сказаў, што падсудныя збіралі грошы для чачэнскіх баевікоў, а не як сцвярджае пракуратура і Агенцтва ўнутранай бяспекі, для Ісламскай дзяржавы. Паводле суддзі, службы дрэнна перавялі з чачэнскай на польскую мову размовы падсудных. Паводле Агенцтва, чачэнцы ў размовах узгадвалі пра Ісламскую дзяржаву, што было хлуснёю, кажа суддзя Славамір Цілюлька:

– З размоў паміж імі вынікае, што гаворка  ідзе пра падтрымку свайго дому. “Дом” у разуменні асоб чачэнскай нацыянальнасці – гэта іх край. І няма падстаў лічыць, што гэтае слова выкарыстоўваецца ў іншым кантэксце. Яно звязанае менавіта з Чачнёй, а не з Сірыяй ці Іракам.

Суддзя Славамір Цілюлька  папярэдзіў, што Акруговы суд у Беластоку складзе паведамленне аб злачынстве ў сувязі з фабрыкаваннем дакументаў службамі Агенцтва ўнутранай бяспекі. Абаронцы чачэнцаў хочуць падаць апеляцыю.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота: ©Wojciech Wojtkielewicz