Чаго чакаць ад юбілейнага Фестывалю царкоўнай музыкі «Гайнаўка»?
Ужо саракавы раз хоры з усяго свету змогуць выступіць у Польшчы на найбуйнейшым і найболей прэстыжным фестывалі царкоўнай музыкі. Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі «Гайнаўка» пройдзе ў Беластоцкай оперы і філармоніі з 21 па 26 верасня. Чаго чакаць ад юбілейнага фестывалю?
Пра гэта размаўляем з дырэктарам і стваральнікам фестывалю Мікалаем Бушко:
– Сёлета вельмі шмат новага. Ніколі інаўгурацыйнага канцэрту не пачынаў такі знакаміты хор, як хор Нацыянальнай філармоніі з Варшавы, які рыхтуе адмысловы канцэрт. Яго мы назвалі “Музычныя жамчужыны праваслаўя”. Мы хочам таксама прэзентаваць новыя выданні фестывалю – гэта і нядаўна выданы CD альбом з літургіяй Рамуальда Твардоўскага, і плыта з запісам мінулагодніх фестываляў.
Сёлета да нас хочуць прыехаць шмат хораў – 32 хоры з 18 краін.
Хачу сказаць пра гала-канцэрт. Я вельмі рады, што паўторым сітуацыю 1982 года, калі арганізавалі першыя Дні царкоўнай музыкі “Гайнаўка 1982”. Хачу падкрэсліць, што фестываль праз 40 гадоў, нягледзячы на тое, ці конкурс адбываўся ў царкве Святога Мікалая, ці гала-канцэрт арганізоўваўся ў Гайнаўскім доме культыры, ці ў Беластоцкай філармоніі, ці ў палацы Браніцкіх, заўсёды носіць назву “Гайнаўка”. Там, дзе я яго прыдумаў і для якога горада я прыдумаў. І ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што мы фестываль перанеслі ні па сваёй волі.
Трэба адзначыць, што многія хоры выступяць з канцэртамі ў іншых гарадах Польшчы. І думаю, што таксама вернемся мы, які і ў мінулым годзе, да Дзён духоўнай музыкі ў Белавежы. Выступяць хоры – удзельнікі фестывалю, і нягледзячы на сваю канфесію, выканаюць царкоўную музыку. Гэта значыць, што праваслаўныя хоры выканаюць музыку каталіцкую, хоры каталіцкія ці праваслаўныя выканаюць музыку пратэстанцкую, ці загучыць музыка старавераў. Мы заўсёды заўважаем, што такая наша Беласточчына. Такое наша Падляшша: ёсць праваслаўныя, ёсць католікі, грэка-католікі, стараверы, пратэстанты. Яны ствараюць тут шматкультурнасць, якой мы так ганарымся.
У сувязі з эпідэмічнымі абмежаваннямі Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі «Гайнаўка» ўжо другі год запар пройдзе ў верасні. Усе ранейшыя фестывалі праходзілі ў траўні.
Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:
Гутарыла Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя