Чаму не рэалізуецца патэнцыял беларуска-украінскага сумежжа?
Беларуска-украінская мяжа – другая па працягласці пасля беларуска-расейскай. Але ж бізнесовыя кантакты нашай краіны з паўднёвымі суседзямі непараўнальна меншыя, чым з расейцамі. Беларуска-украінскія дзелавыя сувязі зводзяцца да двух дзясяткаў сумесных прадпрыемстваў, пераважна створаных яшчэ ў 90-я, а таксама да памежнага гандлю і кантрабанды, якая квітнее ў беларуска-украінскім сумежжы.
Чаму за гады беларускай незалежнасці наша краіна так і не зрабіла сур’ёзных інвестыцый ва ўкраінскую эканоміку? Якія інвестыцыі могуць стаць найбольш прыбытковымі? Чым адрозніваюцца ўкраінская і беларуская эканамічныя мадэлі?
Пётр Антоненка (Фота pivnich.info)
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Пятром Антоненкам, галоўным рэдактарам украінскай газеты “Світ-Інфо”.
Пётр Антоненка: Беларусь загразла ў сацыялізме. Я нават не ведаю, якія там у вас ёсць інвестары ці буйныя банкі, якія маглі б нешта ў нас сур’ёзна інвеставаць. Гаварыць пакуль можна пра нейкі супольны ўкраінска-беларускі бізнэс, супольныя ўкраінска-беларускія прадпрыемствы. Гэта цалкам магчыма. І гэта магло б развівацца і ў Гомельскай вобласці, і ў Чарнігаўскай вобласці. Прытым не на такім прымітыўным узроўні, каб мы, напрыклад, куплялі ў беларусаў іх сельскагаспадарчыя машыны, а Гомель купляў нешта у нас. Тут можна было б зрабіць гомельска-чарнігаўскія прадпрыемствы, гэта цалкам магчыма. У нас жа на Чарнігаўшчыне ёсць польска-украінскія прадпрыемствы, чэска-украінскія… Нешта я не чуў пра беларуска-украінскія. Гэта ўжо пытанне да беларускай эканомікі. Яна ж там у вас дзяржаўная! Чаму няма філій тых прадпрыемстваў у нас? Тут жа не замінаюць ані ўкраінскія, ані беларускія законы.
РР: Але ж законы, якія рэгулююць бізнэс, ва Украіне і ў Беларусі розныя… Можа, у гэтым прычына адсутнасці супольных бізнэсаў?
Пётр Антоненка: У кожнай краіне свае законы. У Гішпаніі, напрыклад, свае, у Латвіі – свае. Але ж тыя законы не настолькі адрозныя, каб украінцам не рабіць сумесны бізнэс з гішпанцамі ці латышамі.
РР: У Беларусі буйны бізнэс – гэта ці дзяржаўны, ці бізнэс праўладнай алігархіі. У Беларусі няма свайго “сярэдняга класу” у еўрапейскім разуменні, ён практычна задушаны. Можа, мы і не супрацоўнічаем з тае прычыны, што ва Украіне і ў Беларусі рознае разуменне таго, што такое эканоміка?
Пётр Антоненка: У нас малы і сярэдні бізнэс развіты куды больш, чым у Беларусі. Ён існуе і развіваецца. Прыватных прадпрыемцаў ва Украіне ўжо, пэўна, колькі міліёнаў. Але ж у нас ёсць і дзяржаўны бізнэс, і прыватны алігархічны, прытым сам тэрмін “алігархічны” ужо мае на ўвазе набліжанасць да ўлады. Наш алігархат не надта адрозніваецца ад беларускага. Хіба што вас менш алігархаў, якія ў апазіцыі…
РР: У нас такіх няма!..
Пётр Антоненка: …усё гэта і адрознівае нашыя эканамічныя мадэлі. Вы сапраўды яшчэ ў сацыялізме. Ці, хутчэй, у дзяржаўным капіталізме, калі ўвесь буйны бізнэс – цалкам праўладны. Мы ўсё ж больш падобныя да класічнага капіталізму, калі палова алігархаў – праўладныя, пачынаючы з прэзыдэнта-міліярдэра. А другая палова алігархаў – у апазіцыі да першай паловы, то бок, і да ўлады. Пяць ва ўладзе, пяць – супраць. І не сёння-заўтра гэтыя апазіцыйныя алігархі могуць прыйсці да ўлады. Тут крыху весялей, чым у Беларусі. Таму ў нас улада асабліва і не нахабнічае. Бо ў яе заўсёды знойдуцца апаненты з вельмі вялікага бізнэсу, і тыя алігархі, якія заўтра дапнуцца да ўлады, выкінуць праўладных у апазіцыю. А могуць зрабіць і горш…
РР: Гіпатытычная сітуацыя: у тым жа Чарнігаве ствараецца сур’ёзнае сумеснае беларуска-украінскае прадпрыемства. Хай і на грошы алігархата. Што гэта можа быць, на ваш погляд – каб было цікава і нам, і ўкраінцам?
Пётр Антоненка: Для ўкраінцаў было б цікава падняць колькі нашых прамысловых гігантаў, якія былі калісь найбольшымі ў Еўропе. Гэта чарнігаўскі камбінат “Хімвалакно”, дзе калісь працавала больш за 10 000 чалавек, гэта чарнігаўскі камвольны і, вядома ж, наш Радыёзавод. Гэта тры гіганты еўрапейскага ўзроўню, якія цяпер проста “паклаліся”. Калі б беларусы інвеставалі грошы ў наш Радыёзавод…
РР: …у Гомелі ёсць аналагічнае прадпрыемства: завод РТО.
Пётр Антоненка: Ат бы іх неяк звесці разам! Чарнігаўскі радыёзавод хаця і ў стагнацыі, але працягвае выпускаць высокатэхналагічнае абсталяванне нават для космаса. А калі акрамя гэтага… Чарнігаўшчына – аграрная вобласць, тут сельскагаспадарчы бізнэс трэба падымаць. Бязмежныя перспектывы для Гомеля і Чарнігава: тая ж самая пераапрацоўка аграрнай прадукцыі. І тады між іншым, мы б менш залежылі ад розных капрызаў расейцаў, бо надта мы завязаліся на расейскім рынку!
РР: Беларусь значна больш завязаная на расейскім рынку, чым Украіна!
Пётр Антоненка: Але мы з беларусамі маглі б рабіць куды больш тавараў і для ўнутраных рынкаў, і на экспарт. Беларускія прадукты ў нас папулярныя. Можна было б наладзіць супольную вытворчасць і мясной прадукцыі, і малочнай. У нас ва Украіне ўнутраны рынак ненасычаны – поўна аграрнай прадукцыі, якую мы можам рабіць сумесна. Бо калі да нас прывозяць з Турэччыны бульбу – гэта ненармальна. А чаму бульбу не прывозяць з Беларусі?!
Пакуль беларуска-украінскі бізнэс прадстаўлены ва Украіне невялікімі сумеснымі прадпрыемствамі па перапрацоўцы аграрнай прадукцыі, а таксама па рэалізацыі і абслугоўванні беларускай сельгастэхнікі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя