Чарговая кантрабанда сярэднявечнай зброі
Пяць сярэднявечных баявых сякер знайшлі падляшскія мытнікі на памежным пераходзе “Баброўнікі”. Старадаўнюю зброю спрабавала нелегальна ўвесці ў Польшчу 62-гадовая грамадзянка Беларусі.
Паводле папярэдняга меркавання спецыялістаў у галіне археалогіі з Інстытута нацыянальнай спадчыны ў Варшаве і Музея Падляшша ў Беластоку, знойдзеныя баявыя сякеры паходзяць з XI-XII стагоддзяў з раёнаў Усходняй Еўропы. Верагодна, яны былі выкапаныя з магіл сярэднявечных ваяроў.
Пры праверцы беларуска патлумачыла польскім мытнікам, што сякеры, якія яна вязе, знайшоў яе сваяк, а ў Польшу вязе іх для пераапрацоўкі на кухонныя нажы. Супраць жанчыны мытнікі пачалі справу за фінансавае крымінальнае злачынства. Кантрабандыстцы пагражае штраф.
Дарэчы, гэта ўжо не першы выпадак падобнай кантрабанды. Так, у сярэдзіне снежня мінулага года мытнікі канфіскавалі тры ўнікальныя мячы Ранняга Сярэднявечча і шлем.
Паводле bialystok.scelna.gov.pl