Чарговая малітоўная сустрэча ў Заляшанах
Сёння, 29 студзеня, спаўняецца 75-я гадавіна спалення вёскі Заляшаны на Беласточчыне і забойства 16 цывільных жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей, аддзелам польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры). У гэтым годзе не будзе афіцыйных урачыстасцяў у Заляшанах, якія апошнія гады ладзіў бургамістр Кляшчэляў, у сувязі з пандэміяй каронавірусу.
Як і штогод пройдзе традыцыйная малітоўная сустрэча каля крыжа, кажа Марыя Нічыпарук.
– 29 студзеня 1946 года адбылася трагедыя не да апісання. Я не раз казала, як таму тэсцёву ў галаве памяшчалася, сем душ пахаваць за раз і застацца ў голым полі сярод зімы. Нават не мелі як хаваць. Не мелі нават з чаго труну зрабіць. А вы бачыце, што Богам быў заснаваны манастыр. Штодзённая малітва праходзіць. Аб’явілася ікона – Божая маці.
У Заляшанах, якія былі дашчэнту спаленыя 29 студзеня 1946 году салдатамі Бурага, сёння стаіць Манастыр Святой Кацярыны, будуюць таксама царкву пад апекаю Святой Кацярыны і Святых пакутнікаў Падляшскай зямлі.
У мінулым годзе Сабор Епіскапаў Польскай праваслаўнай царквы абвясціў усіх загінулых падчас гэтак званага «крывавага рэйду Бурага» у канцы студзеня пачатку лютага 1946 году ў лік святых пакутнікаў Падляшскай зямлі.
Малітоўныя сустрэчы пройдуць таксама 31 студзеня ў Пакроўскай царкве ў Бельску-Падляшскім і 2 лютага ў царкве ў Бранску.
Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя