Чарговая спроба кантрабанды ялавічыны



Ва ўкраінска-беларускім сумежжы па-ранейшаму квітнее кантрабанда. З Беларусі ва Украіну перапраўляюцца пераважна цыгарэты, а ў адваротным кірунку ідзе ўкраінская ялавічына.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Чарговую спробу кантрабанды спынілі ўкраінскія памежнікі на Валыні. Літаральна ў 200-х метрах ад лініі ўкраінска-беларускай мяжы быў затрыманы дваццацігадовы жыхар вёскі Гута Ратнеўскага раёна Валынскай вобласці, які на пазашляхавіку без нумароў і рэгістрацыйных дакументаў накіроўваўся ў бок мяжы. У багажніку аўтамабіля памежнікі знайшлі 15 ялавых туш без ветэрэнарных штампаў і адпаведных дакументаў. Мяса было загорнутае ў цэлафан і перавозілася ў антысанітарных умовах.

У Берасці ўкраінская ялавічына каштуе ў сярэднім у тры разы даражэй, чым на суседняй Валыні. Тое мяса, якоя незаконна трапляе праз мяжу, легалізуецца праз беларускія ветэрэнарныя службы і прадаецца на рынках ужо пад выглядам беларускага.

Пра затрыманне кантрабандыста з грузам ялавічыны паведаміла прэсавая служба Луцкага памежнага атрада.

2016-03-03_achromienka_kanrabanda_valyn_1

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота volynpost.com