Чарговая сустрэча ў Дыскусійным клубе АБ-БА
Дыскусійны клуб Аб’яднання АБ-БА «Пагаворым пра….» запрашае на чарговую сустрэчу. Гэтым разам удзельнікі сустрэчы пагавораць пра добры смак і гатаванне з радасцю. Госцем сустрэчы будзе Яанна Якубюк – ураджэнка падбельскіх Студзіводаў, педагог па адукацыі, кухарка, вялікая прыхільніца мясцовай кухні, аўтарка кнігі „Бульба”.
Кажа суарганізатар сустрэчы Мікола Ваўранюк:
– Яанна Якубюк – гэта феномен. Я ёй па-добраму зайздрошчу, бо за што б яна не бралася, робіць гэта з вялікім энтузіязмам – ці варыць, ці праводзіць курсы. Пра ўсё яшчэ цудоўна расказвае. І гэты энтузіязм і вельмі пазітыўны стасунак да свету ў яе, здаецца, паходзіць з сям’і. Яна ў сваёй кніжцы вельмі цёпла піша як пра маму, так і пра сваіх бабуль. Пра такое вельмі цёплае, сімпатычнае дзяцінства.
Сустрэча з Яаннай Якубюк адбудзецца сёння ў Склепе з культурай АБ-БА, у Пачатковай школа н-р 4, што па вуліцы Чэнстахоўскай у Беластоку. Пачатак у 17.30.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя