Чарговая цыгарэтная кантрабанда на беларуска-польскай мяжы
Спробу кантрабанды 29 тысяч пачак беларускіх цыгарэт спынілі Падляшскія мытнікі на памежным пераходзе Бераставіца-Баброўнікі. Нелегальны тавары быў схаваны на даху прыцэпа грузавога аўтамабіля на польскіх нумарах пад кіраваннем 30-гадовага грамадзяніна Польшчы. Пра гэта распавёў супрацоўнік Адміністрацыйна-падатковай палаты ў Беластоку Мацей Чарнецкі:
– Падчас чарговага агляду пустога прыцэпу фуры з дапамогай сканэра аказалася, што ў даху маразільніка былі схаваны цыгарэты. Увогуле было знойдзена 29 тысяч пачак беларускіх цыгарэт розных марак, рынкавая вартасць якіх роўная 400 тысяч злотых.
У дачыненні да кіроўцы грузавога аўтамабіля распачата адміністрацыйна-крымінальная справа, канфіскаваны нелегальны тавар разам з транспартным сродкам. Мужчыне пагражае пакаранне нават да пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў.
Анатон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
