Чарговая цыгарэтная кантрабанда на польска-літоўскай мяжы



Супрацоўнікі Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Падляшскай мытні спынілі ў Будзіску, што каля польска-літоўскай мяжы, аўтатранспарт, у якім было больш за 126 тысяч пачак цыгарэт без польскіх акцызных марак. Кантрабанду перавозіў кіроўца грузавіка на літоўскіх рэгістрацыйных нумарах. Паводле дакументаў, прадстаўленых літоўскім кіроўцам, грузавік павінен быў утрымліваць электрычны кабель, намотаны на чатырох велізарных барабанах.

– Падчас праверкі груза аказалася, што ў шпулях з каблем схаваныя пачкі цыгарэт. Выманне і пералічэнне кантрабанды доўжылася каля 12 гадзін. У суме ў чатырох шпулях было знойдзена 126 тысяч пачак цыгарэт розных марак з беларускімі акцызнымі маркамі. Калі б знойдзеная кантрабанда была рэалізаваная ў Польшчы, дык польскі бюджэт не далічыўся б  у выглядзе нясплочыных падаткаў 2 мільёны 800 тысяч злотых.

Супрацоўнікі Падляшскай мытні распачалі адміністратыўна-крымінальную справу. 44-гадовы кіроўца грузавіка быў дапытаны ў якасці сведкі. Нелегальныя цыгарэты накіравалі на склад мытнай і падатковай службы ў Сувалках. Арганізатарам перадачы ў Еўразвяз такой вялікай кантрабанды цыгарэт пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 10 гадоў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя