Жыхароў Польшчы абавяжуць насіць маскі ў грамадскіх месцах (абноўлена)
206 новых выпадакаў заражэння каронавіруса зафіксавана ў Польшчы. Памерлі чарговыя пяць пацыентаў. Агулам на раніцу 15 красавіка, паводле дадзеных Міністэрства здароўя, зафіксавана сем тысяч чатырыста восем выпадкаў заражэння каронавірусам. Ад COVID-19 памерлі 268 чалавек.
На Падляшшы дагэтуль пацверджаныя 258 выпадкаў заражэння каронавірусам. Памерлі дзве асобы.
Як паведаміў журналістам віцэ-міністар аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска, сёння міністэрства прадставіць дакладныя распараджэнні адносна абавязку закрываць рот і нос усім, хто выходзіць з дому і наведвае грамадскія месцы. Абавязак гэты ўводзяць у Польшчы ўжо з заўтрашняга дня. Сёння таксама мае быць больш вядома адносна планаванага ўрадам ад 19-га красавіка паступовага размарожвання польскай эканомікі.
* * *
Падляшскае ваяводства і санітарны інспектар Падляшскага ваяводства паведамляюць пра два чарговыя выпадкі заражэння каронавірусам у рэгіёне, якія пацверджаныя станоўчымі вынікамі лабараторных даследаванняў. Паводле інфармацыі, пажылы мужчына з Сямяціцкага павету шпіталізаваны ў ваяводскую бальніцу ў Ломжы, а малады чалавек з Бельскага павета знаходзіцца на ізаляцыя дома.
Кантактныя асобы знаходзяцца пад эпідэміялагічным наглядам.
Усяго ў Падляшскім ваяводстве зараз 258 пацверджаных выпадкаў заражэння COVID-19.
Яшчэ адзін чалавек у рэгіёне выздаравеў (усяго 16). Гэта пажылы мужчына з Ломжы.
Беларускае Радыё Рацыя