Чарговыя змены назваў вуліц на Падляшшы



Назвы чарговых вуліц на Падляшшы – дэкамунізаваныя. Сярод іх вуліца Максіма Горкага ў Беластоку, якая цяпер носіць імя жаўнера падполля Анатоля Радзівоніка. Таксама зменяць свае назвы вуліцы 35-годдзя ў Візне, Баляслава Падэдворнага ў Шумаве і Замбраве ды 30-годдзя ў Шумаве. Гэтыя вуліцы зменяць назвы ў гонар герояў польскага падполля, між іншым, Вітальда Пілецкага, Станіслава Быкальскага і Антона Казлоўскага.

Кажа падляшскі ваявода Багдан Пашкоўскі:

Буду звяртацца тут да постацяў, якія заслугоўваюць памяці за свой уклад у змаганні за незалежнасць нашай краіны. Некаторыя з гэтых постацяў даволі вядомыя, некаторыя павінны быць вядомыя лакальна, але заслугоўваюць, на маю думку, большай вядомасці.

Пакуль няма інфармацыі з Інстытута нацыянальнай памяці аб змене назвы вуліц Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляшскім і Якуба Коласа ў Гайнаўцы. У Бельску дзейнічае таксама агульнаадукацыйны ліцэй з вывучэннем беларускай мовы імя Браніслава Тарашкевіча.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток