„Чарнобыльскі шлях” у Варшаве
29 красавіка ля амбасады ЗША адбылася акцыя, прысвечаная гадавіне Чарнобыльскай катастрофы і пратэст супраць размяшчэння ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Акцыю арганізавалі прадстаўнікі руху «Вольная Беларусь», былы работнік генеральнай пракуратуры Алег Талерчык і сябры Паспалітага рушэння. Трэба заяўляць пазіцыю беларускага народа адносна перасоўвання ядзернай зброі з Расеі ў Беларусь, кажа кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк:
– Чарнобыль працягваецца, і ядзерная пагроза для беларускага народу ўзрастае. Пасля таго, як Масква заявіла, што ўвядзе ядзерную зброю ў Беларусь. Супраць увядзення ядзернай зброі ў Беларусь мы выступаем, і спадзяемся на разуменне і дапамогу ЗША.
У канцы акцыі Зянон Пазняк зачытаў пісьмовы зварот, які быў дасланы ў амерыканскую амбасаду ў Варшаве аб прызнанні Беларусі акупаванай тэрыторыяй і недапушчэнне ўводу ядзернай зброі на тэрыторыю Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя