Часова скасаваны спрошчаны пераход беларуска-ўкраінскай мяжы
На беларуска-ўкраінскаім сумежжы скасаваны сезонны пропуск для спрошчанага пераходу мяжы. Такі рэжым дзейнічаў ад 30 чэрвеня толькі для жыхароў Ракітнеўскага раёна Ровеньскай вобласці, якія традыцыйна збіралі грыбы і ягады ў беларускім сумежжы.
Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
-Прычына скасавання спрошчанага рэжыму пераходу мяжы – маштабныя пажары ў Палескім лесгасе, што ў Берасцейскай вобласці. Беларускія пажарныя пры дапамозе ўкраінскіх калегаў згасілі ўсе асяродкі ўзгарання, але ж з прычыны сухмені пажарная небяспека застаецца найвышэйшай.
Тым часам шмат жыхароў Ровеньскай вобласці спрабуюць перайсці ўкраінска-беларускую мяжу па-за кантрольна-прапускнымі пунктамі. Толькі сёлета ўкраінскія памежнікі затрымалі больш за тысячу дарослых і 614 дзяцей. Яшчэ каля ста ўкраінскіх парушальнікаў дзяржаўнай мяжы затрымана ўжо на беларускай тэрыторыі.
Паводле беларускіх памежнікаў, скасаванне рэжыма спрошчанага пропуску – часовае, са знікненнем пажарнай небяспекі такі рэжым будзе адноўлены.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота 5min.by