Чэргі фураў на мяжы з Украінай і Літвой
Двухбаковы канфлікт Польшчы і Расеі, які прывёў да прыпынення грузавога аўтаспалучэння паміж краінамі ад 1-га лютага, цяпер выклікае вялікія чэргі на беларуска-літоўскай мяжы.
Пункт пропуску „Шальчынінкай” – „Беняконі”, уезд у Беларусь. 14 лютага 2016 года. Фота з камер назірання.
Так у пункце пропуску Каменны Лог чарга на выезд 140 грузавікоў, у Беняконях 130 на выезд з Беларусі і 250 фураў на ўезд. У Катлоўцы ў чарзе на ўезд – 120 грузавых машын.
Прыгадаем, што Польшча і Расея не ўзгаднілі квоты дазволаў на праезд фураў. Расейскія перавозчыкі перанакіравалі грузапаток праз Беларусь у порт Клайпеды, або ва Украіну, а потым ў Венгрыю, Славакію і далей.
Сітуацыя ўскладняецца і тым, што ва Украіне актывісты сталі блакаваць праезд праз тэрыторыю краіны не толькі фурам з расейскімі нумарамі, але і з літоўскімі, і беларускім перавозчыкам, якія вязуць расейскія тавары.