“Чорная старонка” ў гісторыі Беластока
У гэты дзень, 77 гадоў таму, ад рук нямецкіх карнікаў загінулі сотні беластоцкіх габрэяў, былі спаленыя цэлыя жылыя раёны. Паводле сведчанняў, пажар трываў на працягу шасці дзён. “Дзень 27 чэрвеня 1941 года стаў пачаткам знішчэння мясцовага габрэйскага насельніцтва”, – адзначыў у нашым эфіры грамадскі дзеяч і рэжысёр Дарыюш Шада-Бажышкоўскі:
– Паводле многіх гісторыкаў, гэта пачатак арганізаванага халакосту, бо тое вынішчэнне наступіла літаральна некалькі дзён пасля ўваходу немцаў у Беласток. Немцы сагналі габрэяў да Вялікай Сінагогі. Ёсць розныя тэорыі. Некаторыя сцвярджаюць, што там было 700, іншыя – што 2 тысячы чалавек, якіх жыўцам спалілі.
У Беластоку сёння пройдзе шэраг памятных мерапрыемстваў. Так, а 12-ай гадзіне каля помніка на месцы, дзе стаяла Вялікая Сінагога, адбудзецца ўскладанне кветак з удзелам прэзідэнта горада Тадэвуша Трускаляскага. А 18-ай гадзіне каля беластоцкага лялечнага тэатра плануецца выстава і спеўнае прадстаўленне, а таксама працэсія пад клезмерскую музыку да помніка Вялікай Сінагогі.
Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя