“Чорныя” на мяжы: хто яны?



Пасля пашпартнага і мытнага кантролю падарожніка заўсёды можа чакаць яшчэ адна неспадзяваная праверка. Яе могуць выканаць супрацоўнікі Мытнай службы, якія працуюць у Аддзеле змагання са злачыннасцю. Гэта так званыя „мабільныя групы”. Беларусы часта называюць іх “чорнымі”. Яны працуюць 24 гадзіны і нясуць адказнасць за правядзенне неадкладных, нечаканых праверак не толькі на памежных пераходах, але і на тэрыторыі ўсёй краіны. Іхняя задача – выяўленне і змаганне з трансгранічнай злачыннасцю, якая звязана з незаконным захоўваннем ці абаротам тавараў. Так званых “чорных” перадусім цікавіць кантрабанда, якая праходзіць праз усходнюю мяжу Шэнгенскай зоны. Гэта акцызныя тавары (цыгарэты, тытунь, алкаголь, паліва), наркатычныя сродкі, пірацкія дыскі з музыкай і фільмамі, падробкі вырабаў вядомых і аўтарытэтных фірмаў. Такая праверка – дадатак да кантролю, які ёсць на ўсходняй мяжы Польшчы, якая, у сваю чаргу, з’яўляецца знешняй мяжой Шэнгенскай зоны.

У мэтах падвышэння мабільнасці і эфектыўнасці “мабільныя групы” маюць спецыялізаваныя аўтамабілі, якія выконваюць ролю мабільнага пункта кантролю, аўтамабілі для пераследу і транспартныя сродкі для перавозу службовых сабак. У выніку пашырыліся магчымасці выкарыстання гэтых груп і ўзрасла іхняя эфектыўнасць, а таксама павялічылася колькасць выяўленых імі злачынстваў.

Мытнікі з “мабільных груп”, або “чорныя”, маюць большыя паўнамоцтвы за сваіх калегаў, якія працуюць на памежных пераходах. Яны могуць адсочваць транспартныя сродкі, выкарыстоўваць прымусовыя меры, праслухоўваць і назіраць з дапамогай камераў, што на мяжы, за паводзінамі падарожнікаў. У іх паўнамоцтвы ўваходзіць таксама праверка і вобшук грузавога ці легкавога аўтамабіля ў любы час. Таму без лішніх словаў падарожніку, нават калі ён пераехаў мяжу, лепш падпарадкавацца такому кантролю і не перашкаджаць „чорным” выконваць іхнія службовых абавязкі.

Брыгада „чорных” мытнікаў – гэта бізун для памежных кантрабандыстаў. Ужо сам уезд іх на тэрыторыю памежнага пераходу адразу становіцца нагодай для хуткага абмену інфармацыяй. Цягам пяці хвілінаў людзі, якія стаяць у чарзе на мяжы, ужо ведаюць, хто з “чорных” заехаў, на якім аўтамабілі, ці ёсць сабака, ці сочаць за імі з дапамогай камераў… Цяжка ў гэта паверыць, але вынаходлівасць кантрабандыстаў не мае ніякіх абмежаванняў. Да польскіх памежных службаў у Кузніцы Беластоцкай дайшлі звесткі пра тое, якія чынам кантрабандысты інфармуюць сваіх калегаў пра сітуацыю на памежным пераходзе. Вось адзін з такіх прыкладаў. Зараз у Беларусі цягам дня па тэлевізары транслюецца перадача, гледачы якой з дапамогай платнага SMS з мабільнага тэлефона могуць выслаць любое паведамленне, якое будзе адлюстравана ў рухомай паласе ўнізе экрана (на жаль, не магу прыгадаць назву гэтай праграмы). А паведамленне было наступнае: “Чорных няма – усім ехаць”. Словы кажуць самі за сябе.

Беларускае Радыё Рацыя