Чыгуначнае спалучэнне Менск-Варшава адменяць?
З новага чыгуначнага раскладу можа знікнуць міжнароднае чыгуначнае спалучэнне Менск-Варшава. Польская чыгунка разглядае такі варыянт у сувязі са змяншэннем фінансавання з боку Міністэрства інфраструктуры і рэгіянальнага развіцця Польшчы.
Канчаткова гэтая справа пакуль не вырашаная, кажа Марта Земска:
– Канчатковае пацверджанне напэўна будзе на гэтым тыдні. Насамрэч разважаюць над прыпыненнем спалучэння ад 15 сакавіка.
Першы намеснік начальніка Пасажырскай службы Беларускай чыгункі Андрэй Кашко з недаверам успрыняў інфармацыю аб прыпыненні руху цягніка Менск-Варшава беларускага фармавання:
– Ніякіх нарадаў на гэтую тэму не праходзіла, ніякіх апавяшчэнняў ад іншых чыгуначных адміністрацый мы не атрымлівалі, тым больш гэтае пытанне не ініцыявалі і не падымалі. Мне падаецца, што гэта проста інфармацыйная „качка”, якая запушчана, і не больш за тое.
Цягнікі № 115 і 116 спалучэння Менск-Варшава, Варшава-Менск з’яўляецца адзіным не транзітным спалучэннем паміж польскай і беларускай сталіцамі. Акрамя гэтага, прычапнымі вагонамі Варшава-Цярэспаль карыстаюцца і жыхары Паўднёвага Падляшша, якія працуюць у польскай сталіцы.
Канчатковую інфармацыю датычную гэтага цягніка Польская дзяржаўная чыгунка абяцае даць напрыканцы тыдня.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя