Чыгуначнае спалучэнне паміж Гародняй і Беластокам можа знікнуць



Міністэрства інфраструктуры Польшчы не мае грошай на спалучэнне. Цягнікі маглі б ездзіць прынамсі да Беластока, але Маршалкоўская ўправа іначай глядзіць на гэтае пытанне.

CvUSTmwuyCg

Цяпер курсуе дзве пары цягнікоў: Гародня – Малкінія і Гародня – Элк, абедзьве праз Беласток. На гэтых цягніках ездзяць турысты, таксама тыя, хто накіроўваецца ў Польшчу па пакупкі, а таксама жыхары Падляшша (яны едуць да Кузніцы або Саколкі, спалучэнняў з якімі не так і шмат).

Некалькі тыдняў таму прадстаўнікі Рэгіянальных перавозак паведамілі, што ідуць перамовы з беларускім бокам адносна магчымасці працягнуць спалучэнне ад Гародні і ажно да Варшавы. Але цяпер аказваецца, што цягнікоў да Гародні ўвогуле можа не быць.

Справа ў тым, што паводле вызначэння Міністэрства інфраструктуры Польшчы, каб спалучэнне лічылася міжнародным і на гэта былі вылучаныя сродкі, яно павінна прабягаць не толькі праз дзяржаўную граніцу, але і праз найменш два ваяводствы ў Польшчы. Аднаго ваяводства – не дастаткова, бо ў гэтым выпадку спалучэнне лічыцца прыгранічным (як у выпадку з Гародняй), і фінансуецца з мясцовага бюджэту. Падляшскія ўлады ў той жа час не разглядаюць сябе як адзін з бакоў у гэтай справе і не абмяркоўваюць гэтае пытанне з Рэгіянальнымі перавозкамі.

“Мы надалей сігналізуем Міністэрству інфраструктуры пра патрэбу далейшага фінансавання гэтага спалучэння (цяпер гаворка ідзе і пра падаўжэнне спалучэння на лініі Гародня-Беласток-Варшава). І надалей чакаем адказу з Міністэрства” – адзначыў прадстаўнік Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства Павел Станюрскі.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя (паводле Gazeta Współczesna)

Фота urban3p.ru/blogs