Чым адметны 2018 год для Падляшша?



2018 год на Падляшшы, так як і ў цэлай Польшчы прайшоў пад знакам мясцовых выбараў. На Падляшшы ў многіх гмінах і гарадах перамаглі беларускія кандыдаты. Але гэта не ўсе важныя падзеі для беларусаў Беласточчыны ў 2018 годзе.

Гарадок, Міхалова, Бельск-Падляшскі, Дубічы Царкоўныя, Нараўка ды Чыжы – гэта гміны, дзе на пасадзе войтаў і бургамістраў апынуліся этнічныя беларусы. Варта адзначыць, што радным у Сойміку ваяводства стаў Ігар Лукашук – дырэктар Беларускага ліцэя ў Гайнаўцы.

Ігар Лукашук: Галоўныя кірункі – гэта намаганні разбудовы інфраструктуры, развіццё патэнцыялу нашых абшараў, перш за ўсё – культурніцкага. Таму што трэба яшчэ раз падкрэсліць, што наш рэгіён багаты нацыянальнымі меншасцямі. У тым ліку найбольшай, якая жыве на абшары Падляшскага ваяводства, беларускай меншасцю.

Адной з важных агульнапольскіх падзей стала ўвядзенне забароны на гандаль у некаторыя нядзелі. Гэтае рашэнне Сойму паўплывала і на жыццё палякаў, і на суседзяў з Усходу, якія ў Польшу ездзяць на закупы:

– Гэта не такая вялікая праблема, як здаецца. Але гэта стварае пэўную шкоду ў першую чаргу індывідуальным прадпрымальнікам.

– Для нас, жыхароў Менска, асноўныя дні пакупак – пятніца-субота.

– Хацелася б часцей прыязджаць у Польшчу. У тым ліку і ў нядзелю.

У гэтым годзе стартаваў праект падляшскіх беларусаў “Наша памяць”, мэта якога — ушанаваць памяць цывільных ахвяр змагання польскага падполля з камуністычным ладам пасляваеннай Польшчы.

Гаворыць Алег Латышонак, адзін з аўтараў праекта:

– Хочам захаваць спадчыну і памяць пра тое, што адбывалася ў 1945 – 1946 гадах і пазней. Пра ўсіх бязвінных ахвяр, што заплацілі жыццём за чужыя ўяўленні пра веліч сваёй нацыі, сваёй краіны. 

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота my-travel-diary.by