Чым будзе займацца беларускі хаб „Новая Зямля” у Беластоку?
У нашым эфіры пабывалі прадстаўнікі беларускага хабу „Новая Зямля” у Беластоку – грамадскія актывісты з Беларусі ды беларускай дыяспары Беластока Надзея Салаўёва і Зміцер Антончык.
3-га снежня ў Беластоку адкрыецца новая пляцоўка – беларускі хаб „Новая Зямля”.
РР: Назва ў гонар неўміручага хрэстаматыйнага твору Якуба Коласа?
Надзея Салаўёва: Так склалася, што мы прыехалі на новую зямлю, думалі, як назваць. „Новая Зямля” не канкрэтна ў гонар Якуба Коласа, але для нас гэта новая зямля, не ведаем наколькі доўга, але мне неяк лягло на сэрца.
РР: Адзін хаб „МедыяПорт” ужо ёсць. Ці не ствараеце вы калегам канкурэнцыю?
Зміцер Антончык: Я не думаю, што гэта канкурэнцыя, бо „МедыяПорт” – гэта журналісцкая пляцоўка, для працы журналістаў. Мы не адзін раз былі на той пляцоўцы, яна на жаль не вельмі вялікая па плошчы. Таму мы лічым, што калі развіваць нейкія ініцыятывы, арганізацыі ў Беластоку, то для гэтага трэба трохі больш плошчы. Каб не замінаць журналістам мы будзем спрабаваць рабіць гэта на нашай пляцоцы.
РР: Як гэта ўсё атрымалася?
Надзея Салаўёва: Доўга цягнулася сама рэгістрацыя НДА. Было складана, бо прыйшлося наймаць юрыста, плаціць яму. Мы рабілі гэта за свой кошт, каб усё было паводле закону. Цяпер у нас ёсць рэгістрацыя, мы атрымалі яе толькі ў верасні. Знайшлі сядзібу, доўга шукалі прыдатнае памяшканне і рэсурсы пад яго. Звярталіся да гарадскіх уладаў, але не атрымалі зваротнай сувязі. Таму зрабілі сваімі высілкамі, як змаглі. Лічу, што атрымалася выдатна, шыкоўнае памяшканне ў цэнтры горада (Вышынскага 6A). Там дзве вялікія залі, дзе добры рамонт, акустыка і святло, ёсць мэбля. Трэба будзе толькі дакупіць тэлевізар, экран і дошку.
РР: Якія асноўныя накірункі дзейнасці хаба „Новая Зямля”?
Зміцер Антончык: Гэта будуць хутчэй за ўсё адукацыйныя сустрэчы, нейкія прэзентацыі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, дыскусійны клуб. Мы плануем стварыць дэбат-клуб, каб гэта была такая пляцоўка на якой можна было б выказацца і вырашыць нейкія спрэчныя моманты, якія час ад часу ўзнікаюць. Гэта будзе каворкінг, калі людзі могуць прыходзіць і проста карыстацца інтэрнэтам, пляцоўкай. Асноўная мэта – гэта прадставіць пляцоўку для любых беларускіх ініцыятыў, якія захочуць развівацца. Папярэдне мы размаўлялі з Уладзімірам Арловым, ёсць дамова, што магчыма будзе нядзельная гістарычная школка для дзяцей.
Беларускае Радыё Рацыя