Чым займаецца Народная амбасада Беларусі ў Славеніі?



Супраца з украінскай дыяспарай, наладжванне сувязяў з беларускімі добраахвотнікамі ва Украіне, навязванне кантактаў і атрыманне падтрымкі для беларускага пытання ў славенскім парламенце і культурніцкія мерапрыемствы на беларускую тэматыку. Гэта спіс накірункаў, якімі займаюцца беларусы ў Славеніі.

Пра тое, як выглядае праца, распавяла падрабязней прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Славеніі, актывістка беларускай дыяспары Аляксандра Мамаева:

– Пішу прадстаўнікам амбасадаў, мы падтрымліваем з імі сувязі. Напрыклад, чэшская амбасада сказала, што мы можам, калі трэба, выкарыстоўваць іх памяшканне. Яшчэ адна такая справа, якая зараз пачынаецца, бо ў нас не так даўно змяніўся парламент, толькі пачынаецца іх планавая дзейнасць. Мы будзем спрабаваць ствараць групу падтрымкі Беларусі ў славенскім парламенце.

23-га кастрычніка ў Славеніі прайшлі прэзідэнцкія выбары. У першым туры лідаруе Анжэ Логар, былы міністр замежных спраў Славеніі, які падтрымлівае Беларусь і шмат разоў сустракаўся са Святланай Ціханоўскай. Другі тур будзе 13 лістапада, і ад яго вынікаў залежыць актуалізацыя беларускага пытання, дадала Аляксандра Мамаева.

Беларускае Радыё Рацыя