Чым жывуць украінскія Рэпкі?



Ад украінскага мястэчка Рэпкі, што ў Чарнігаўскай вобласці, куды бліжэй да беларускай мяжы, чым да абласнога цэнтра. Жыхары Рэпак спрадвеку аддавалі дзяцей ў гомельскія навучальныя ўстановы, гандлявалі на гомельскіх рынках, а той-сёй і заставаўся ў беларускім горадзе назаўсёды.

Repki-1

Чым цяпер жывуць рэпкінцы? Якую ролю адыгрывае ў іх жыцці суседняя Беларусь? Чаму тутэйшы люд так неахвотна ідзе на кантакт з прыезджымі?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война гутарыць з рэпкінскім прадпрымальнікам Васілём Шаўчэнкам.

Васіль Шаўчэнка: Рэпкі жывуць з так званай “унутраная эканомікі”: малако, тварог, смятана, а таксама тое, што людзі вырошчваюць на градах. Усё гэта возіцца на рынкі, а таксама ў Беларусь. На атрыманыя грошы людзі скупляюць тое, што можна прадаць у Рэпках… Так і жывуць.

РР: А ці ёсць тут нейкая вытворчасць?

Васіль Шаўчэнка: Ніякай вытворчасці даўно няма. Усе прадпрыемствы мясцовыя ўлады, якія былі тут цягам апошніх 24-ці гадоў, завалілі. Малаказавод, цаглярня – усё прададзена і знішчана. Не кажучы пра калгасы. Рэпкінскі раён на 90 % — датацыйны.

РР: Я заўважыў, што тутэйшы люд вельмі неахвотна ідзе на кантакт з незнаёмцам: адразу палохаюцца і замыкаюцца. Чаму так?

Васіль Шаўчэнка: Баяцца, таму што запалоханыя. Пра гандаль не хочуць гаварыць, таму што фармальна гандляваць можна толькі ў крамах. А нашыя людзі гандлююць на вуліцах каўбасамі і малаком. Баяцца, што ўлады дазнаюцца, як прывозяцца гэтыя прадукты – яны ж усё гэта хаваюць.

7Repki-3

РР: То бок, вулічных гандляроў адразу пацягнуць у падаткавую, у міліцыю…

Васіль Шаўчэнка: Вядома ж! Гэта ўсё абкладаецца падаткамі!

РР: Рэпкі  вельмі блізкія да беларускай мяжы. У якой ступені гэта дапамагае рэпкінцам выжываць?

Васіль Шаўчэнка: Ёсць у нас людзі, якія ездзяць працаваць у Беларусь проста з Рэпак. Гэтыя людзі прывозяць з Беларусі жывыя грошы, на якія будуюць тыя ж дамы. Коштам гэтага і захоўваецца ў нас “унутраная эканоміка”.

РР: А прыватным бізнесам у Рэпках займацца можна? Ці трэба і цяпер плаціць міліцыі, СБУ, пракуратуры, падаткавай…

Васіль Шаўчэнка: Ва Украіне пакуль няма яшчэ заканадаўчай базы, якая гарантуе абарону бізнесоўцам. Усё залежыць ад дзяржавы – ці будзе яна дапамагаць прыватнаму прадпрыемцу.

РР: Пакуль я ехаў праз Рэпкі, то заўважыў: дамы тут не надта заможныя. Але трапляюцца і вельмі багатыя хаты. З чаго ў Рэпках можна пагабацець?

Repki-2

Васіль Шаўчэнка:  Багатыя… Гледзячы, чые гэтыя дамы! Ёсць такія, хто займаецца бізнэсам. Але гэта адзінкавыя выпадкі. Можа, два-тры чалавекі на Рэпкі. Астатнія – чыноўнікі, якія пры ўладзе больш за 20 гадоў. За гэты час яны паспелі адбудаваць і свае дамы, і дамы для дзяцей, і купіць ім кватэры-машыны ў Чарнігаве.

РР: Але ж за зарплату чыноўніка такія дамы не збудуеш! Атрымліваецца, што чыноўнікі крадуць?

Васіль Шаўчэнка: Карупцыя ва Украіне квітнее па-ранейшаму. Урад спрабуе нешта зрабіць: ствараецца Антыкарупцыйнае бюро, нейкія працоўныя групы. Застаецца спадзявацца на лепшае.

РР: Але ж барацьба з карупцыяй была ці не галоўнай умовай Майдана! Калі глядзець па Рэпках – нейкія змены ёсць?

Васіль Шаўчэнка: Змены ёсць. Але ж і карупцыя ёсць. Проста цяпер тыя, хто вымантачваў хабары, крыху прыціхлі, бо баяцца. Але ж карупцыя ёсць і ў праваахоўных органах, і ў пракуратуры. Магчыма, нам усім трэба пачынаць з сябе. Не даваць хабары і не прапаноўваць іх.

Рэпкі ўпершыню згадваюцца ў гістарычных дакументах у ХVII стагоддзі. Згодна афіцыйных дадзеных, у мястэчку жыве 7 500 чалавек, але, паводле рэпкінцаў, насамрэч насельніцтва не набіраецца і 5 000.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара