Да 3000 чалавек выйшлі на варшаўскі Марш салідарнасці з Беларуссю
Нават тры тысячы чалавек прыняло ўдзел ў Маршы салідарнасці з Беларуссю ў Варшаве. Такую лічбу назвала паліцыя, якая ахоўвала маніфестацыю.
Гаворыць заяўнік маніфестацыі журналіст Алесь Карніенка:
– Мне падаецца, са словаў старажылаў, хіба такога маштабу акцыі калі і былі раней, то даўно.
Алесь Зарэмбюк, старшыня Беларускага дома ў Варшаве, арганізатар акцыі: Спадзяемся, што ўрэшце рэшт ужо пасля гэтай акцыі міжнародная супольнасць, улады Варшавы, улады Польшчы звернуць больш сур’ёзную ўвагу на тое, што адбываецца ў Беларусі і пачнуць размаўляць па дыпламатычных каналах, праз МЗС, каб заканчвалася тое дзікунства супраць Паўла Севярынца, супраць Міколы Статкевіча, супраць людзей, якія на працягу апошніх двух дзясяткаў гадоў пастаянна сядзяць у вязніцах.
На шэсці выступілі польскія палітыкі – еўрадэпутат Анджэй Галіцкі, а таксама дэпутаты Сэйму Міхал Шчэрба і Мацей Конечны. Яны таксама патрабавалі вызвалення палітвязняў і запэўнілі, што свабодная Беларусь павінная стаць часткай Еўрапейскага Звязу. Анатоль Міхнавец са Звязу для дэмакратыі ў Беларусі заклікаў дыяспару актыўна браць удзел у палітычным жыцці, дзяліцца сваімі ідэямі, як змяніць сітуацыю ў краіне ў суполцы ў фэйсбуку “Talaka 2020”.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя