Да 31 кастрычніка прымаюцца заявы на ўдзел у конкурсе «Дэбют»
На працягу бліжэйшага тыдня можна падаць заяву на ўдзел у конкурсе «Дэбют». 21 раз ён ладзіцца тыднёвікам беларусаў у Польшчы «Ніва» для беларускамоўных паэтаў і пісьменнікаў з Польшчы. Удзельнікамі могуць стать асобы ў розным веку, якія маюць раней не публікаваныя літаратурныя творы ў разнастайных жанрах аб’ёмам да 22 старонак машынапіснага тэксту.
Пра мэту конкурсу расказвае супрацоўніца «Нівы», пісьменніца і паэтка Міра Лукша:
– Практычна ўсе тэксты нашых аўтараў–удзельнікаў друкаваліся ў “Ніве”. І калі аўтар плённы і мае вартыя тэксты, бывае што і друкуюцца кніжкі. Кожнае слова, напісанае па-беларуску, каштоўнае. І асабліва, калі яно прыносіцца да нас, у “Ніву”. І калі надрукуецца і паказвае, што ты адчуваеш, што ты думаеш, як бачыш свет. Наша мэта – выявіць аўтараў, якія пра гэта пішуць, і якія збяруцца ў нас.
Падрабязней пра парадак падачы заяўкі можна дазнацца на сайце тыднёвіка «Ніва», альбо звязаўшыся з рэдакцыяй тыднёвіка.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток