Да Дня Волі ў Беластоку прэзентуюць “Гісторыю беларусаў Падляшша”
Беларусы ў Польшчы рыхтуюцца да Дня Волі. Напярэдадні гадавіну беларускай незалежнасці адсвяткавалі ў Бельску-Падляшскім, у выходныя святочныя мерапрыемствы і акцыі пройдуць у Варшаве, Гданьску ды Гайнаўцы.
Галоўныя святкаванні ў Беластоку будуць нагодай для прэзентацыі свежага гістарычнага выдання пра нашу гісторыю, кажа старшыня Звязу беларусаў у Польшчы Яўген Вапа:
– Святкаванне напярэдадні 100-й гадавіны абвяшчэння Акту 25-га сакавіка адбываецца ў час небяспечны і для Беларускай дзяржаўнасці, і для існавання самога народа як цэласнасці. У такой сітуацыі нам, беларусам Беласточчыны, патрэбныя аргументы, якія нам дапамогуць адбівацца ад розных вонкавых негатыўных умоваў. Зараз няма пачуцця спакою і задаволенасці, а ёсць адчуванне неспакою за Беларускую дзяржаўнасць. Мы маем шмат выклікаў, шмат пытанняў.
Большасць людзей, якія пачыналі арганізоўваць гэтыя святкаванні яшчэ ў 80-я, – гісторыкі. Вядома, што нашай наймацнейшай зброяй з’яўляецца нашая гісторыя і веды. І для нас самым галоўным святкаваннем, апроч традыцыйнага, будзе першая прэзентацыя кнігі, выдадзенай беларускім гістарычным таварыствам “Гісторыя беларусаў Падляшша”. Хачу таксама сказаць, што кожны ўдзельнік святкавання атрымае гэтую кнігу.
Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, неабыякавае для кожнага беларуса, незалежна ад таго, дзе ён жыве. Баліць сэрца і душа, калі на Бацькаўшчыне адбываецца такое. Але ніхто за саміх беларусаў не абароніць сваёй незалежнасці і вольнасці.
Акрамя таго пройдзе паказ дакументальнага фільму пра беларускага гісторыка Юрку Туронка ды адбудзецца традыцыйнае адзначэнне кветкамі за важны ўнёсак у падтрымку і развіццё беларушчыны ў Польшчы.
Звяз Беларусаў у Польшчы, Тыднёвік беларусаў у Польшчы „Ніва” і Беларускае Радыё Рацыя запрашаюць адсвяткаваць Дзень Волі ў Беластоку 25 сакавіка ў клубе «Змяна клімату». Пачатак а 15 гадзіне.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.