Да красавіка Літва пабудуе першы ўчастак агароджы на мяжы з Беларуссю



Урад Літвы заявіў 13 верасня, што ў гэтым месяцы пачнуцца працы на першым участку загароды, якую плануецца пабудаваць уздоўж мяжы з Беларуссю для абароны ад мігрантаў. Участак працягласцю 110 км павінны скончыць да красавіка.

Пра гэта паведамляе „Голас Амерыкі”, адзначаючы, што ўрад даручыў будаўніцтва першай секцыі памежнай загароды дзяржаўнай энэргетычнай кампаніі. Кошт складзе 36 мільёнаў еўра. Прадстаўнік кампаніі выканаўцы паведаміў, што канструкцыя вышынёй 4 мэтры будзе завершаная калючым дротам, а яшчэ шэсць дадатковых маткоў калючага дроту будуць размешчаныя ў выглядзе піраміды паміж мяжой і загародай.

Астатнія 400 км агароджы маюць дабудаваць да верасня 2022 году, пры гэтым участкі, дзе ёсць рэкі і азёры, абгароджваць не будуць. Агульная працягласць мяжы — 670 км.

У гэтым годзе ў Літву прыбылі больш за 4100 мігрантаў, у асноўным з краін Блізкага Усходу і Азіі, што выклікала рознагалоссі паміж Эўразвязам і Беларуссю.