Да выбарцаў на Падляшшы – па-беларуску



“Да выбарцаў беларускага паходжання на Падляшшы прамаўляем па-беларуску”. Так вырашылі прадстаўнікі маладой польскай партыі “Разам”, якія вылучаюць сваіх кандыдатаў у Сеймік Падляшскага ваяводства падчас сёлетніх мясцовых выбараў.

Партыя, якой толькі некалькі гадоў, і якая не з’яўляецца, прынамсі пакуль, лідарам рэйтынгаў у самой Польшчы, тым не менш ужо прагучала ў беларускіх незалежных медыях. Прычына палягае ў тым, што частку сваіх выбарчых улётак партыйцы надрукавалі па-беларуску.

Пра гэта гаворым з госцем Рацыі, сябрам партыі “Разам”, кандыдатам у Сеймік Падляшскага ваяводства – Северынам Пракапюком. “Не хаваю, што для меня гэта нешта, што само сабою разумеецца”, – каментуе наш госць факт беларускамоўных улётак:

– Мяне толькі здзіўляе тое, што іншыя палітычныя партыі або грамадскія арганізацыі на Падляшшы не ідуць у гэтым напрамку. У нашым рэгіёне жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў. Зразумела, што ўсе яны ўмеюць размаўляць па-польску і разумеюць па-польску. Аднак мы павінны выходзіць да людзей на той мове, якой яны карыстаюцца.

У партыйнай праграме ёсць месца і для супрацоўніцтва з Беларуссю. “Таксама важным лічым пытанне скасавання візаў”, – працягвае Северын Пракапюк:

– Мы хочам пачаць адкрытую дыскусію, лабіраваць пытанне скасавання візаў для грамадзян Беларусі. Яшчэ дзесяць гадоў таму ніхто не верыў у тое, што візы для ўкраінцаў будуць скасоўвацца. Мне ж здаецца, што краіны Захаду з большай ахвотай адмянілі б візы для беларусаў. Будзем працаваць у гэтым кірунку. Зразумела, гэтае пытанне не ўваходзіць у кампетэнцыю Сейміка Падляшскага ваяводства, я не абяцаю нечага неверагоднага. Мы проста хочам пачаць такую дыскусію.

Партыя “Разам” ставіць падчас выбараў на сацыяльныя пытанні, а найперш на развіццё транспартнай інфраструктуры ў малых мясцовасцях і “салэцкіх” вёсках (там, дзе ёсць солтысы). Таксама гаворыцца пра развіццё транспарту з увагі на трансгранічнасць рэгіёну:

– Чыгунка – гэта шанец для развіцця рэгіёну па абодва бакі мяжы. Напрыклад, мы гаворым пра тое, што трэба ўрэшце сур’ёзна заняцца чыгуначным спалучэннем паміж Зубкамі і Беластокам. Хоць мы не хаваем таго факту, што нам не падабаюцца ўлады ні ў Польшчы, ні ў Беларусі, але мы гаворым пра супрацоўніцтва грамадстваў і дзяржаў таксама, незалежна ад таго, хто імі кіруе. Таксама мы гаворым пра абнаўленне чыгуначнага спалучэння паміж Кузніцай Беластоцкай і Беластокам. Паводле экспертаў, пасля будаўніцтва другой паласы цягнікі змогуць ездзіць там з хуткасці да 130 кіламетраў на гадзіну. А калі б удалося дамовіцца з беларускім бокам і павялічыць колькасць цягнікоў паміж Гародняй і Беластокам, то гэта таксама дало б дадатковы штуршок развіццю нашых рэгіёнаў.

Мясцовыя выбары ў Польшчы пройдуць сёлета 21 кастрычніка.

 Цалкам гутарка з Госцем Рацыі – у далучаным гукавым файле:

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.