Данбас сустрэў Вялікдзень пад гукі выбухаў фосфарных снарадаў



Усе Велікодныя святы на ўсходзе Украіны прайшлі пад гукі выбухаў. Выкарыстоўваюцца забароненыя фосфарныя снарады. Прарасейскія тэрарысты не толькі абстрэльваюць пазіцыі ўзброеных сіл Украіны, але і актыўна ваююць паміж сабой, паведамляе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:

– Толькі за два дні Велікодных святаў назіральнікі АБСЕ зафіксавалі больш за 1 100 выпадкаў парушэння Менскіх дамоўленасцяў. Пры гэтым тэрарысты выкарыстоўваюць зброю, забароненую міжнароднымі канвенцыямі. Сёння ноччу пазіцыі батальёну “Крым” былі абстраляныя фосфарнымі снарадамі. Колькасць забітых і параненых з украінскага боку пакуль невядомая. Паводле прэсовага афіцэра батальёна, гэта помста з боку пракрамлёўскіх баевікоў за няўдалы наступ, у час якога яны панеслі вялікія страты.

У той жа час шматлікія вайсковыя фармаванні ЛНР і ДНР актыўна ваююць паміж сабою за сферы ўплыву на акупаваных тэрыторыях. Сёння зранку баевікі палявога камандзіра па мянушцы “Матарола” чарговы раз абстралялі пазіцыі расейскіх казакаў непадалёк Данецка. Казакі адказалі з мінамётаў і стралковай зброі.

Украінскія вайсковыя аналітыкі мяркуюць, што актыўнасць баевікоў, якая ўзмацнілася на Велікодныя святы, прылюдыя да маштабнага наступу на данецкім кірунку.

Беларускае Радыё Рацыя, Кіеў

Фота joinfo.ua