Дарыюш Шада-Бажышкоўскі: Праўда нас вызваліць і ачысціць
Госць студыі Беларускага Радыё Рацыя – намеснік старшыні Таварыства сяброў гарэйскай культуры спадар Дарыюш Шада-Бажышкоўскі.
Сёння сумная дата – 10 ліпеня 1941 года ў невялічкім мястэчку Едвабнае суседзі забілі суседзяў, толькі таму, што былі яны іншай нацыянальнасці і іншага веравызнання. Чаму так здарылася? Сярод польскіх радыёслухачоў бадай няма нікога, хто не чуў бы пра гэтую трагедыю. Але ў Беларусі назва Едвабнае магчыма ні пра што не гаворыць.
Дарыюш Шада-Бажышкоўскі: Праз два тыдні з пачатку Вялікай айчыннай вайны ў мястэчку Едвабнае і ваколіцах Ломжы, палякі-католікі загналі габрэяў – жыхароў мястэчка і навакольных вёсак: дзяцей, жанчын, дарослых і старых спачатку на рынак, а пасля ў хлеў, які знаходзіўся непадалёк ад жыдоўскіх могілак. І жыўцом іх спалілі. Невядомая колькасць загінулых – ці 340 ці 1 200 асоб. Такая ж трагедыя адбылася яшчэ ў 30 мясцовасцях Падляшскага ваяводства.
РР: Сёння там пройдуць урачыстасці. Урачыстасці прайшлі ў круглую гадавіну трагедыі з удзелам тагачаснага прэзідэнта Польшчы Аляксандра Кваснеўскага. З яго, дарэчы, гэта і пачалося. Польшча папрасіла прабачэння за гэтыя забойствы. Але зараз раздаюцца галасы, што, магчыма, дрэнна, што Польшча з-за гэтага зараз у свеце атаясамліваецца з месцам, дзе забівалі габрэяў.
Дарыюш Шада-Бажышкоўскі: Забойства ў Едвабным здзяйснялася менавіта палякамі. Сёння культывуюць такое меркаванне, што так, гэта было, але габрэі з Едвабнага даносілі Саветам на палякаў і тых высылалі ў Сібір. Але трэба ўзяць пад увагу такі факт, што ў Сібір вывезлі шмат жыдоў таксама.
РР: На слыху трагедыя польскіх афіцэраў, вываз леснікоў, паліцыянтаў у Сібір, але ж разам з імі вывозілі і багатых жыдоў. Некаторыя шукаюць апраўданняў Бураму, які забіваў беларусаў, таму што нехта ў 1939 годзе данёс Саветам на палякаў.
Дарыюш Шада-Бажышкоўскі: Маё меркаванне, што калі мы годна не разлічымся з гісторыяй і не прызнаем гэтыя трагічныя здарэнні, то не зможам ствараць будучыню. Хочацца ў сувязі з гэтым узгадаць забойства жыдоў у Кельцах у 1946 годзе, ужо пасля вайны. Нядаўна ў камяніцы, дзе былі замардаваныя габрэі, з нагоды дня трагедыі, унук аднаго з актыўных удзельнікаў кельцага пагрому назваў сваё прозвішча і папрасіў прабачэння, выступіўшы з узрушанай прамовай.
РР: То можа варта ўвесці ў школьныя праграмы нейкі курс пра гэтыя падзеі?
Дарыюш Шада-Бажышкоўскі: У польскім грамадстве назіраецца тэма адчужэння, непрызняння гэтага. Вельмі шмат тут залежыць ад пазіцыі касцёла. Прыкра, але зараз мы былі ў Едвабным, былі на месцы трагедыі, на старых могілках, якія ўвогуле занядбаныя. Я падумаў, калі б у Едвабным ксёндз-пробашч выступіў, войт ці бургамістр і сказаў, што так, гэта было, але давайце зробім усё магчымае, каб маральна ачысціцца, ачысціць віну нашых дзядоў, і давайце навядзём парадак на могілках, каб яны годна выглядалі, то гэта шмат што змяніла б.
РР: Прайшло ўжо столькі гадоў, у жывых амаль нікога не засталося з тых, хто памятае гэтую трагедыю, то чаму гэтая тэма працягвае мець нейкую палітычную афарбоўку?
Дарыюш Шада-Бажышкоўскі: Антысеміцкія настроі ў польскім грамадстве даволі моцныя, тыя ж свастыкі на мурах сінагог. Я думаю, што гэта вынікае з невуцтва. А вынікам гэтага з’яўляецца агрэсія вербальная ці, не дай Бог, фізічная.
Але я веру, што гэтае паяднане і ачышчэнне абавязкова надыдзе. Хочацца закончыць размову біблейскай фразай: “Праўда нас вызваліць”. Вызваліць і ачысціць.
З Дарыюшам Шада-Бажышкоўскім гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле