Дарыюш Шада-Бажышкоўскі запрашае на свята Суккот у Тыкоцін
Госць студыі Радыё Рацыя Дарыюш Шада-Бажышкоўскі, супрацоўнік музея ў Тыкоціне.
РР: Габрэі якраз адзначаюць свята Суккот — свята шалашоў, якое ў народзе называлі Кучкі. Яно святкуецца ў гонар выхаду з ягіпецкай няволі на свабоду. Ваш музей у Тукоціне, які размяшчаецца ў колішняй сінагозе, адзначае гэтае свята штогод. І сёння Вы таксама будзеце яго адзначаць.
— Так. Гэта традыцыя шматгадовай даўніны, яшчэ з часу калі кіраўнічкай музея была спадарыня Эва Врочыньска, яна ўвяла такую традыцыю сімвалічнай узгадкі і акрэслення тых жыдоўскіх свят, якія былі паўсюднай з’явай. І натуральна іншыя супольнасці, якія жылі паблізу, удзельнчалі ў іх у той ці іншы спосаб. А свята Суккот было заўважальным, бо ў такіх мястэчках як Крынкі, Орля, Тыкоцін, Заблудаў і так далей, тых шалашоў было мноства. Бо кожны жыхар габрэй, неабавязкова нават артадаксійны, на гэтыя восем дзён будаваў шалаш.
РР: А калі хто гне мог па розных прычынах пабудаваць, дык такі шалаш чакаў яго каля святыні.
— Чакаў каля сінагогі, каля бажніцы. Але таксама той, хто не мог пабудаваць уласнага, мог скарыстацца ветлівасцю іншых. Гэта было святым абавязкам, прыняць тых, хто хацеў бы дапоўніць гэты побыт, гэтае святкаванне і адначасовую задуму над светам і над свабодай. Цыкл восеньскіх святаў пачынаецца ад Рош Ха-Шана — пачатка года. Нагадаю, што некалькі тыдняў таму пачаўся 5778 год ад стварэння свету. Потым пачынаецца святкаванне Ём-Кіпур — гэта свята даравання грахоў і задумы над тым, што здарылася і што трэба рабіць, каб быць лепшым. І тады, наколькі гэта магчыма, даруюцца грахі ворагам і просіцца пра дараванне. А свята Суккот мае можна сказаць, шматзначнае значэнне і сэнс. Гэта восеньскі перыяд і таму свята плёну. Пачынаецца 15 тышрэя і ў дыяспары доўжыцца 8 дзён, а ў Ізраілі — 7 дзён. А галоўная ідэя — будаванне шалашу, каб памятаць, што такое няволя…
Сёлета, між іншым па тэхнічных прычынах, мы не паставілі кучкі ля сінагогі, але з’явіцца сёння ў музеі ў Тыкоціне, у будынку сінагогі, а 17:30 доктар Ёанна Аурон распавядзе пра сімволіку і традыцыі, звязаныя са святам Суккот. А элементам памяці будзе прэм’ера музычнага кліпу на песню, вядомую ў свеце пад назвай «Dona, dona».
Поўную гутарку з Дарыюшам Шада-Бажышкоўскім слухайце ў далучаным гукавым файле:
Гутарыў Мікола Ваўраюк.
Беларускае Радыё Рацыя