Давыбары ў трох падляшскіх гмінах



Тым часам на фоне пандэміі ў трох Падляшскіх гмінах сёння, 26 красавіка,  прайшлі папаўняльныя мясцовыя выбары. У кожнай з іх жыхары абіралі дэпутата ў раду гміны. З-за таго, што папярэднія дэпутаты, па розных прычынах, перасталі выконваць свае функцыі. Галасаванне адбылося ў гміне Чаромха на Гайнаўшчыне, гміне Рудка на Бельшчыне і гміне Гібы ў Сэйнэньскім павеце.

Як паведаміў дырэктар Дэлегатуры Рэспубліканскага Выбарчага Бюро Марэк Рыбнік, гэта ўжо трэці падыход да правядзення галасавання. Два папярэднія не атрымалася правесці, з-за забароны перамяшчэння грамадзянаў, уведзенай у Польшчы ў сувязі з пандэміяй каронавірусу. Цяпер гэтыя абмежаванні адмененыя. Аднак у сувязі з тым, што ў краіне надалей абавязковае эпідэміялагічнае становішча, былі захаваныя ўсе меры бяспекі на выбарчых участках. Абавязковае захаванне адлегласці двух метраў паміж людзьмі. Акрамя таго сябры выбарчых камісіяў і самі выбарцы абавязаныя былі быць у ахоўных масках і пальчатках. Выбарчыя ўчасткі былі забяспечаныя дэзынфікуючымі сродкамі.

Галасаванне адбывалася да 21-ай гадзіны.

Беларускае Радыё Рацыя паводле Радыё Беласток