Дэлегацыя Руху „За свабоду” наведвае Падляшша
Як праходзяць выбары ў Еўрапарламент у Польшчы? Дэлегацыя беларускага Руху „За свабоду” на чале з намеснікам старшыні Віктарам Янчурэвічам наведвае Падляшша, дзе знаёміцца з тым, якія выбарчыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца кандыдатамі, як яны змагаюцца за выбаршчыка.
Пра праграму візіту дэлегацыі на Падляшша распавядае яго арганізатар сустаршыня Беларускага Дому ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:
– Адбыліся сёння сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрапейскай кааліцыі, з прадстаўнікамі ўрадавай партыі „Права і справядлівасць”. Таксама мы сустрэнемся з левай партыяй „Разам”, якая таксама тут займаецца ў тым ліку і беларускімі пытаннямі на Падляшшы. Чаму выбралі Падляшша? Таму, што блізка, таму, што наша беларуская меншасць тут знаходзіцца. Падляшша і Беласток – гэта вельмі добры прыклад таго, у якім накірунку беларусам трэба ісці па змене сітуацыі ў нашых гарадах. Беласток – вельмі добры прыклад.
Як адзначае намеснік старшыні Руху „За свабоду” Віктар Янчурэвіч, ужо ў першы дзень візіту ён убачыў, які досвед можна выкарыстоўваць дэмакратычным партыям і рухамі падчас выбараў у Беларусі:
– Цікава, якія тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў Еўропе, як кандыдаты заваёўваюць галасы выбаршчыкаў у Польшчы. З якімі тэхналогіямі ідуць, каб атрымаць большую падтрымку. Мы бачым, што добра працуюць сустрэчы з грамадзянамі, вельмі добра працуюць сацыяльныя сеткі. Безумоўна тое, што мы тут пабачым, пачуем і зможам прывезці з сабой у Беларусь, будзем атрыманы досвед трансляваць, старацца прымяняць яго на практыцы падчас выбарчых кампаній.
На Падляшша прыехалі 6 сябраў Руху „За свабоду” з розных рэгіёнаў Беларусі. Яны былі выбраныя падчас адмысловага конкурсу. Падчас візіта па Падляшша яны праводзяць сустрэчы з кандыдатамі ў Еўрапарламент ды мясцовымі палітыкамі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя