Дэлегацыя з Беластока была ў Варшаве на ўрачыстасці з нагоды 160-х угодкаў паўстання 1863



Беларуская дэлегацыя з Беластоку была запрошана на адзначэнне ў Варшаве 160-годдзя Студзеньскага паўстання.

Сярод запрошаных былі Юры Ляшчынскі, Януш Талуць, Юры Хмялеўскі, Ганна Кандрацюк-Свярубская, Уладзімір Хільмановіч, Марцін Рэмбач.

Пра святкаванне, гістарычную падзею і не толькі наша карэспадэнтка Марына Савіцкая паразмаўляла з гасцямі акцыі. Кажа рэдактар штомесячніка „Czasopis” Юры Хмялеўскі:

– Калі людзі забываюць, то пачынаюць гаварыць камяні. Для мяне заўсёды важна, калі ідзе пра гістарычную памяць. Я перадусім рэдактар штомесячніка „Czasopis”, але таксама ў сваім жыцці займаў пасады, а таксама займаўся рознымі справамі ды ініцыятывамі. З увагі на тое, што я вельмі звязаны з Гарадком, а гміна Гарадок у Польшчы – гэта радзіма Кастуся Каліноўскага, які нарадзіўся ў Мастаўлянах. Узнікла ідэя, дзесяць гадоў таму, калі мы рыхтаваліся адсвяткаваць 150-ю гадавіну паўстання. Я быў адным з ініцыятараў, арганізатараў у аргкамітэце гэтых святкаванняў у гміне Гарадок. Мы вырашылі вярнуць памяць пра Кастуся Каліноўскага. Я звязаўся з прысутным тут Янушам Талуцем, які мае фірму, што займаецца такімі замовамі, а ён родам з суседняй вёскі Зубры. Ён падтрымаў мяне і пачаў супрацоўнічаць. На працягу наступнага года нам удалося рэалізаваць ідэю і паставіць помнік. Калі атрымаў запрашэнне, каб папрысутнічаць на гэтых урачыстасцях, я ахвотна прыехаў. Для мяне вельмі важна тут быць, бо частка польскай гісторыі, гэта таксама частка беларускай гісторыі на Падляшшы. Трэба шанаваць герояў, гэта наш абавязак. Таксама трэба перадаваць памяць наступным пакаленням, асабліва ў цяперашні складаны час.

Увесь рэпартаж слухайце ў далучаным гукавым файле.

Нагадаем, на ўрачыстасці ў Варшаве выступілі прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і Літвы Гітанас Наўседа, а таксама пасол Украіны Васіль Зварыч, які зачытаў вітальны ліст ад прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага. На падзеі таксама прысутнічала Святлана Ціханоўская.

Падзея прайшла ля Варшаўскай Брамы Гібелі.

Януш Талуць
Уладзімір Хільмановіч
Ганна Кандрацюк-Свярубская

Беларускае Радыё Рацыя