Дэпутат Сейма Польшчы далучыўся да акцыі за малы памежны рух
У межах акцыі „Малы памежны рух – даеш старт!” у Беластоку каля Галерэі „Бяла” прайшла інфармацыйная акцыя да якой далучыўся дэпутат Сейма Польшчы Роберт Тышкевіч.
1 мільён грамадзян Беларусі і 800 тысяч грамадзян Польшчы маглі б без візы перасякаць беларуска-польскую мяжу калі б пачала дзейнічаць дамова пра малы памежны рух.
Каб паспрыяць гэтаму беларускія грамадскія актывісты праводзяць інфармацыйныя акцыі, кажа кіраўнік Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк:
– Людзі ў большасці не ведаюць нічога пра малы памежны рух. Вельмі верагодна, што 11-га кастрычніка адбудуцца прэзідэнцкія выбары – гэта вельмі добры момант, каб грамадская дыскусія вынесла гэтую тэму да шырокага меркавання. Калі ўлада будзе бачыць, што большасць гарадзенцаў і берасцейцаў хочуць малога памежнага руху, то яна ў выніку будзе вымушана гэту ўмову ратыфікаваць.
Акцыю падтрымаў дэпутат польскага Сейма, старшыня сеймавай камісі замежных спраў Роберт Тышкевіч:
– Упершыню праходзіць акцыя, якую праводзяць беларусы для беларусаў – гэта вельмі важна, каб будаваць свядомасць таго, што такі суседскі інструмент паміж нашымі краінамі існуе, тіолькі не быў запушчаны. Ключ да запуску малога памежнага руху знаходзіцца ў руках уладаў у Менску. Інфармацыйная акцыя скіравана на грамадзян Беларусі і мае на мэце павелічэнне прэсінгу на ўлады ў Менску.
Актывісты такіх арганізацый, як Альянс Грамадзянская Гарадзеншчына, Дзедзіч ды Беларускі дом у Варшаве праводзяць інфармацыйныя акцыі на памежных пераходах, а таксама ў раёнах, якія трапляюць у зону малога памежнага руху.
Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота facebook.com/roberttyszkiewicz