Дэпутаты ад „Грамадзянскай платформы” абяцаюць бараніць інтарэсы меншасцяў (абноўлена)



Дэпутаты ад партыі «Грамадзянская платформа», Робэрт Тышкевіч і Томаш Цімашэвіч, абяцаюць бараніць інтарэсы меншасцяў, якія жывуць на Падляшшы, ў польскім Сейме.

Дэпутаты адзначаюць, што ў камісіі Сейма па справах нацыянальных меншасцяў «Грамадзянская платформа» будзе гаварыць ад імя меншасцяў Падляшша

Робэрт Тышкевіч:

— Камісія па справах нацыянальных меншасцяў для дэпутатаў ад Грамадзянскай платформы заўсёды была вельмі важнаю.Мы будзем рабіць захады, каб прынамсі адзін з нас трапіў у гэтую камісію. Асабіста я б хацеў каб гэта быў Томэк Цімашэвіч.

 Томаш Цімашэвіч:

— Мае галасы раўнамерна расклаліся. З таго, што я ведаю, у Гайнаўцы я атрымаў вельмі моцную падтрымку. У мяне ёсць 4 гады, каб апраўдаць гэты давер і павялічыць яго.  

Ад Форума нацыянальных меншасцяў са спісу партыі «Грамадзянская платформа» на Падляшшы ў Сейм кандыдаваў ад Адам Мусюк, які атрымаў больш за 5 тысяч галасоў і не атрымаў мандату.

Старшыня падляшскіх структур „Грамадзянскай платформы”  Роберт Тышкевіч адзначыў, аднак, вельмі добры вынік кандыдата ад Форума нацыянальных меншасцяў Адама Мусюка, які атрымаў звыш шасці тысяч галасоў:

Вельмі паспяховы палітычны дэбют у парламенцкіх выбарах асобы, якая дагэтуль не брала ўдзелу ў вялікай палітыцы. Таму з вялікай павагай і ўдзячнасцю стаўлюся да такога выніку. Думаю, гэта не апошняе слова Адама Мусюка ў палітыцы Падляшша ды ўсёй Польшы.

Томаш Цімашэвіч атрымаў на Падляшшы 14 тысяч галасоў, пры гэтым найбольшую падтрымку — ў гмінах, дзе пражывае беларуская меншасць.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: magiapodlasia.pl